У Беластоку зафіксавалі першы за два гады выпадак свінога грыпу
Выпадкі захворванняў свіным грыпам ёсць і ў іншых рэгіёнах Польшчы – Вроцлаве, Кракаве і Ольштыне. Пакуль прычын для панікі няма. Дагэтуль у нашых заходніх суседзяў зафіксаваны адзін смяротны выпадак – у Кракаве. У той жа час у Расіі аднатавалі больш за 100 такіх выпадкаў, а ва Украіне – больш за 150. Свіны грып – хвароба сезонная, якая актывізуецца ў студзені-лютым.
Ад хваробы могуць абараніць вакцыны. Хвароба пераносіцца таксама праз рукі, таму нельга забываць пра элементарную гігіену. Таксама нельга ігнараваць сімптомаў захворвання, бо адсутнасць лячэння можа давесці да ўскладненняў, у выніку якіх можа спатрэбіцца шпіталізацыя.
Як кажуць спецыялісты, вірус свінога грыпу не больш небяспечны, чым звычайнага. Сімптомы таксама падобныя: высокая тэмпература, боль горла, галавы ці вуха, дрыжыкі, пакашліванне, страта апетыту, агульная слабасць арганізма. Могуць з’явіцца насмарк, дыярэя, ваніты і млоснасці. У асаблівых выпадках – жорсткасць цягліц і страта свядомасці.
Фота poranny.pl