На сустрэчы з прадпрымальнікамі Мечыслаў Гой паказваў свой пінжак

Некалькі сотняў ІП сустрэліся са старшынёй гродзенскага гарвыканкама і гарадскім кіраўніцтвам. Прадпрымальнікі хочуць адмены ўказа №222, але на мясцовым узроўні ім дапамагчы не могуць. Гандляваць беларускім таварам дробныя бізнесоўцы не бачаць сэнсу.


Сустрэча пачалася з заўвагі мэра аб тым, што ўсе пытанні трэба вырашыць хутка, бо “часу мала”. У адказ з залу пачалі запярэчваць: “Не, не. Часу ў нас багата!..” Сапраўды, большасць прысутных прадпрымальнікаў, якіх не змясціў нават зал, не працуюць ужо другі месяц у сувязі з прэзідэнцкім указам №222. На сустрэчу з імі прыйшоў мэр у кампаніі чыноўнікаў рознага рангу: ад падаткавай да Торгсервісу.

 

На рэчавых шэрагах Цэнтральнага рынку ў Гродне з 500 месцаў працуе толькі 7

 

Сход атрымаўся даволі эмацыйным нават пры тым, што прадстаўнікі ўладаў з большага слухалі і разводзілі рукамі. Пытанні пра адмену або карэкціроўку ўказу №222 мэр спрабаваў адразу “зліваць”, маўляў, гэта не кампетэнцыя мясцовай улады. Адказам было абурэнне або расчараванне: указ на дадзены момант – галоўная тэма для прадпрымальнікаў, рэшта пытанняў можа пачакаць.

 

 

Тым не менш, прынцып “вольнага мікрафону” дазволіў прадпрымальнікам агучыць і іншыя свае пытанні, камусьці – элементарна выказацца ды “спусціць пар”. Цікава, што праз адзін выступ гучала абурэнне тэлевізійнымі сюжэтамі афіцыйных СМІ, дзе апошнім часам ІП-шнікі выстаўляюцца ў негатыўным святле.

 

Прадпрымальнікі раілі ўладзе спачатку спытацца ў народа, дзе яму ў час крызісу выгадна купляць адзежу, а пасля ўжо прымаць нейкія меры супраць гандляроў або паліваць іх брудам.

 

 

Большасць прысутных на сходзе – гэта жанчыны за 40, таму зразумелы скепсіс і наконт будучага працаўладкавання, калі ўказ застанецца і працаваць у якасці ІП не атрымаецца. Знайсці годную працу ў такім узросце, тым больш у час крызісу, вельмі складана.

 

Мэр і яго дарадцы некалкі разоў прапаноўвалі прадпрымальнікам замест замежнага тавару купляць айчыннае, пазбягаючы праблемаў з сертыфікатамі. У адказ гандляры назвалі беларускую адзежу “нерухомасцю”, таварам, які не прадаецца, а нехта нават пацікавіўся, дзе пашыты касцюм мэра. Мечыслаў Браніслававіч падыйшоў да першых шэрагаў ды паказаў лычкі – сапраўды, беларускае. Пасля моўчкі вярнуўся на месца.

 

 

Ужо сёння, 3 лютага мае прайсці наступная сустрэча, але ўжо ў больш вузкім фармаце. У 12.00 у гарвыканкаме мэр сустрэнецца з прадстаўнікамі Савету Прадпрымальнікаў Рынкаў.

 

Фота Вольгі Мілавай