На Гарадзеншчыне зафіксавалі новы для Беларусі від жывёл

|

Адзінае вядомае фота жывёлы, падобнай да плямістага аленя, было зроблена ў Беларусі ў мінулым годзе фоталавушкай у нацыянальным парку “Белавежская пушча”, аднак яго якасць не дазваляе з упэўненасцю казаць пра менавіта гэты від, піша на сайце birdwatch.by Дзмітрый Вінчэўскі.

 

Плямісты алень гэта від-інтрадуцэнт для ўсёй Еўропы, бо абарыгенныя папуляцыі жылі толькі ва Усходняй Азіі, а на наш кантынент іх прывезлі больш за 150 гадоў таму для аздаблення паркаў арыстакратаў і павелічэння паляўнічых відаў. Плямістых аленяў выпускалі ў прыроду шмат разоў і ў ХХ стагоддзі – у 1918-1972 гг ва Усходняй Еўропе было выпушчана 2400 штук. Цяпер гэты від жыве ў прыродзе Аўстрыі, Бельгіі, Германіі, Даніі, Францыі, Вялікабрытаніі, Ірландыі, Нідэрландаў, Швайцарыі, Нарвегіі, Фінляндыі, Румыніі, Польшчы, Латвіі, Літвы і Эстоніі, а таксама ў Расіі, ЗША, на Філіпінах і ў Новай Зеландыі.

 

 

Экалагічная ніша гэтага віду можа значна перакрывацца з традыцыйнымі мясцовымі відамі парнакапытных: благародным аленем, казуляй і нават ласём. У некаторых выпадках менавіта з павелічэннем шчыльнасці гэтага аленя-інтрадуцэнта звязваюць змяншэнне шчыльнасці казулі – большыя памерам алені проста праганялі меншых казуль з іх месцаў.

 

 

Афіцыйна пятністы алені з канца 1980-х жывуць у Беларусі на ферме ў Кобрынскім раёне. Праўда, ферма перажывае вельмі цяжкія часы, жывёл засталося вельмі мала. Менавіта пад Кобрынам ужо рэгістраваліся збеглыя з вальераў асобіны, але від усё роўна не трапляў у Спіс відаў Беларусі. Дзмітрый Вінчэўскі спадзяецца, што знаходка ў Бераставіцкім раёне прымусіць афіцыйна занесці від у Спіс відаў млекакормячых Беларусі.