Лепшыя маладыя бадмінтаністы краіны змагаюцца ў Гродне за пуцёўку ў Еўропу

|

У гэтым годзе ў турніры бяруць удзел 62 спартсмены з сямі спартыўных школ Беларусі. Па рэгламенце спаборніцтваў усе ўдзельнікі павінны мець разрад не ніжэй за першы дарослы.

 

У першыя дні турніру, 3 i 4 лютага, праходзілі матчы ў змешаным разрадзе або, як іх яшчэ называюць, – “мікстэ”. Тут, зрэшты, як і ў іншых намінацыях, адны з фаварытаў – каманда гаспадароў.

 

Фінальныя і самыя відовішчныя матчы турніру пройдуць у суботу 6 лютага ў Лядовым палацы.

 

 

Патрэбна вялікая зала для трэніровак

 

У Гродне заняткі па бадмінтоне праводзяцца ў шасці школах, але трэнеры зацікаўлены ў тым, каб праводзіць сумесныя трэніроўкі ў адной зале, бо гэта дазволіць палепшыць вучэбна-трэніровачны працэс і павысіць узровень спартсменаў.

 

Гарадзенскія спартсмены трэніруюцца ў залах з адной пляцоўкай, дзе складана змясціць нават 10 чалавек. У горадзе займаецца больш за 60 чалавек і падрыхтаваць у такіх умовах будучых чэмпіёнаў вельмі складана“, – распавядае трэнер-гулец Вольга Трахiмiк.

 

З яе слоў, дзеці ахвотна займаюцца бадмінтонам і акрамя асноўных турніраў выязджаюць у іншыя гарады і праводзяць сяброўскія сустрэчы з выхаванцамі іншых школ. “Гэта дапамагае дзецям пераадолець страх перад гульнёй і атрымаць добры спаборніцкі вопыт. Нашы трэнеры пастаянна практыкуюць новыя методыкі для паляпшэння ўзроўню гульні. Напрыклад, Юлія Лявіцкая двойчы праходзіла навучанне ў Еўрапейскай школе бадмінтона для пачынаючых трэнераў у Даніі”.


Даведка

 

Бадмінтон у Гродне пачаў развівацца ў пачатку 2000-х. Сям’я Вераб’ёвых былі ініцыятарамі і першымі трэнерамі ў вобласці. Яны працавалі ў Гродне да 2011, а пасля пераехалі працаваць у Казань. Іх гарадзенскія вучні станавіліся прызёрамі ў чэмпіянатах краiны сярод дарослых, не раз станавіліся чэмпіёнамі Беларусi сярод юніёраў, удзельнічалі ў асабістым і камандным чэмпіянаце Еўропы. Яны падрыхтавалі пяць майстроў спорту. Пасля іх пераезду ў Гродне працягнула трэнерскую працу іх выхаванка Юлія Лявіцкая. За гэты час яна змагла падрыхтаваць некалькі кандыдатаў у майстры спорту, яе выхаванцы паспяхова выступаюць на рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах. У 2014 годзе ў гродзенскай школе бадмінтона, пачаў працу яшчэ адзін трэнер Вольга Трахiмiк. Яна таксама выхаванка Вераб’ёвых.

 

 

Цікава ведаць

 

Працягласць матчу ў бадмінтоне – 10-15 хвілін (тры партыі да дзвюх перамог). Паўпрафесійныя ракеткі каштуюць ад 50-70 $. Прафесійныя ад 80-200 $. Камплект валанчыкаў – 10 еўра.