Гарадзенцы, якія сартуюць смецце, заплацяць за яго вываз менш. Аматары смеццяправода – больш
Толькі калі людзе будуць навучаныя сартаваць смецце, а колькасць кантэйнераў дазволіць гэта рабіць, можна будзе думаць пра ўвод розніцы ў тарыфах, лічыць старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. Толькі тыя, хто не захоча сартаваць смецце нават пры наяўнасці магчымасці, і будуць далей карыстацца смеццяправодамі, заплацяць за вываз больш, бо цану павялічыць кошт наступнай поўнай сарціроўкі.
Раздзельны збор смецця, паводле абласнога кіраўніцтва мусіць быць арганізаваны ў Гродне і раённых цэнтрах. Зараз гэтае пытанне вырашаюць не толькі ў абласным цэнтры, але і ў Мастах, Навагрудку і Шчучыне. Мэта – дасягнуць 80% узроўню выкарыстання другасных матэрыялаў. Па словах Уладзіміра Краўцова, Сусветны банк гатовы супрацоўнічаць з рэгіёнам па крэдытаванню ініцыятыў па перапрацоўцы смецця. Бліжэйшы праект – будаўніцтва смеццеперапрацовачнага заводу ў Лідскім раёне.
Зараз у Гродне рэалізуецца комплексны праект са сродкаў Сусветнага банку коштам 42 млн долараў. Каля 12 млн долараў будзе выдаткавана на пакупку 30 тысяч металічных і пластыкавых кантэйнераў для прыватнага сектара і кантэйнерных пляцовак у дварах шматпавярховікаў, а таксама 55 спецыяльных смеццявозаў. У чэрвені мае запрацаваць смеццесартавальны завод, кошт пабудовы якога – больш за 28 млн долараў. Працаваць завод будзе круглыя суткі, там паўстане 200 новых рабочых месцаў.
У 2016-2017 гадах у Гродне павінны зачыніць каля 2000 смеццеправодаў у 650 дамах. Раней смеццеправоды ліквідавалі ў 90 шматпавярховіках.