Усе гарадзенскія таксісты з 11 лютага ездзяць па адзіных тарыфах. Ці надоўга?
Канфлікт паміж “Сіці” і іншым фірмамі доўжыцца, фактычна, з канца 2014 года, калі і пачала працу брэсцкая фірма.
Уладальнікі фірм неаднаразова ў новым годзе спрабавалі сустрэцца і вырашыць праблемы. Але сустрэчы нічым не заканчваліся. У выніку ў горадзе адбылася імправізаваная “забастоўка” – амаль цэлы дзень таксісты большасці фірм ездзілі самастойна, без пасрэдніцтва аператараў. Яны дапамагаліся ўзняцця коштаў, бо лічаць існучыя заробкі неадэкватнымі працы.
Час падняць цэны?
Многія гарадзенскiя таксісты лічаць, што самы час падняць цэны на іх паслугі. Яны кажуць, што гэта неабходна літаральна для выжывання. Аднак, ініцыятыва да нядаўняга часу спынялася на таксі “Сiтi”, якое не хоча падымаць цэны нароўні з усімі. Фірма лічыць нізкія цэны сваім асноўным плюсам.
“Кіраўніцтва і кіроўцы ўсіх фірмаў горада гатовыя падняць цэны на праезд, але ніхто не вырашаецца зрабіць гэта першым: разумеюць, што брэсцкая фірма скарыстаецца выпадкам і зноў зробіць сабе рэкламу”, – адзначае на сваiм сайце Сяргей Берталь, уладальнік аднайменнага таксі. Ён называе “Сіці” брэсцкай фірмай, бо яе ўладальнік сапраўды пераехаў у Гродна з Брэста. Там ягоная фірма таксі працуе паспяхова.
Клопат пра гарадзенцаў ці пра ўласную кішэню?
Дырэктар таксі “Сіці”, Аляксей, лічыць, што гарадзенцы проста не пацягнуць новыя кошты: “У гэтым фінансавым становішчы, якое зараз у краіне, падымаць кошты будзе няправільна ў дачыненні да грамадзян”. Аднак кіраўнікі іншых фірм лічаць, што цэны трымаюцца нізкімі зусім не дзеля гарадзенцаў, а дзеля помсты іншым фірмам.
“Шмат людзей у нас неразборлівыя, вядуцца на нізкую цану і не разумеюць, што гэта прыманка. Рост тарыфаў непазбежны, таму што кошт у 20 тысяч – гэта штучны абвал не на радасць пасажырам, а подласць у дачыненні да старых гарадзенскіх фірм, каб іх выцесніць і захапіць нішу”, – каментуе Сяргей Берталь.
Аляксей жа запэўнівае, што менавіта яго фірма сустракаецца з подласцю з боку старых канкурэнтаў: “Мясцовыя фірмы хочуць, каб мы сышлі з рынку. Яны ўсялякімі спосабамі гэтага дамагаюцца. Штодня да нас паступаюць ілжывыя выклікі, але мы з гэтым ужо спраўляемся і ўсе нумары, з якіх паступаюць званкі, дадаем у чорныя спісы”. Кіраўніцтва “Сіці” вырашыла, што кошты, калі і будуць падымацца, то толькі на 10%.