Зацішша ў валейболе, срэбра ў хакеі на траве, параза ад літовак у гандболе – спартыўныя вынікі мінулага тыдня ў Гродне

|

“Гродна 93” перамагае чарговы матч, “Алімпія” упэўнена набліжаецца да лідараў чэмпіянату, футбалісты гарадзенскага “Дынама” нарэшце ўзялі тры ачкі, а гарадзенскаму “Рытму” крыху не хапіла да залатых медалёў чэмпіянату Беларусі. Чытайце ў нашым аглядзе, як прайшоў тыдзень гарадзенскіх спартыўных каманд, пра якія мы не паспелі расказаць.


Баскетбол


Мужчыны

 

Вар’яцкім па напале барацьбы выдалася супрацьстаянне дзвюх наймацнейшых каманд Чэмпіянату Беларусi, якое праходзіла 12 лютага ў Магілёве. “Гродна 93” на выездзе сустракаўся з “Барысфенам”. Гаспадары пляцоўкі хоць і дазвалялі гасцям лідзіраваць на працягу практычна трох перыядаў сустрэчы, аднак, не дапускалі, каб перавага гарадзенцаў дайшла да зоны недасягальнасці. Ужо ў канцы матчу магілёўцы кінуліся ў пагоню, але перагнаць “93-х” ім так і не ўдалося. “Барысфен” – “Гродна-93” – 94:96.

 

Дзякуючы перамозе над “Барысфенам” гарадзенцы ўпэўнена замацаваліся на першым месцы ў групе А.

 

У групе Б, дзе выступаюць баскетбалісты гарадзенскага “Прынёмання”, на жаль, сюрпрызаў не адбылося. У сябе дома, 12 лютага, студэнты буйна саступілі “Віцебску”. Выніковы лiк сустрэчы 62:98.


Жанчыны

 

Сапраўдная барацьба праходзіць і ў жаночых каманд Гарадзеншчыны. Сустрэчу  супраць “Гарызонта” нашыя дзяўчаты з “Алiмпii” пачалі вельмі кепска, саступіўшы ў першай чвэрці з лікам 18-32. Далей, аднак, перавагай завалодалі гаспадыні пляцоўкі, якія ў драматычнай канцоўцы змаглі вырваць перамогу з лікам 81-80.

 

Барацьбу за першы радок у групе Б вядуць гарадзенскія дзяўчаты з “Вікторыі”. Матч на мінулых выходных яны прапускалі, але ўжо 16 лютага ім прыйдзецца пазмагацца з брэсцкай “Вікторыяй”.

 

Валейбол

 

У валейболе прайшоў тыдзень зацішша. Усе каманды згодна з календаром адпачывалі.

 

Варта нагадаць, што Гарадзеншчына ў першынстве Беларусі прадстаўлена трыма камандамі: у мужчынскім чэмпіянаце, у дывізіёне А – абухоўскі “Легіён”, у дывізіёне Б – “АСДЮШАР”. А ў жаночым чэмпіянаце адзіны прадстаўнік рэгіёна – “Нёман ГрДУ”.  Дзяўчаты выступаюць ў мацнейшым дывізіёне.


Гандбол


“Гараднічанка” цяпер праводзіць апошнія гульні ў Балтыйскай Лізе. Матч, які прайшоў 12 лютага ў Гродне, скончыўся разгромным паражэннем гарадзенскіх гандбалістак. Крыўдзіцелем “Гараднічанкі” стала літоўская “Гарлява”. Выніковы лiк 19:32.

 

У мужчынскім чэмпіянаце Беларусі, прадстаўнік Гарадзеншчыны – “Кронан”, 11 лютага абыграў наваполацкі ГК ім.Лёвіна, з лікам 33:32.

 

Мініфутбол

 

Гарадзенскаму “Дынама” атрымалася ўсё ж такі перамагчы пасля працяглай серыі паражэнняў. У матчы супраць бярозаўскага “Нёмана”, гарадзенцы забілі адзін гол, які ў выніку і стаў вырашальным у матчы. Футбалісты “Дынама” зараз замацаваліся ў сярэдзіне турнірнай табліцы і ідуць на 11-м месцы, пры гэта маюць у сваім актыве 18 ачкоў.


Хакей на траве

 

З 10 па 12 лютага ў ў Мiнску адбыліся гульні 3-га заключнага тура чэмпіянату Беларусі па хакеі на траве ў закрытых памяшканнях сярод жаночых каманд. Па выніках папярэдніх тураў сталічны клуб быў лідарам турніру, але за чэмпіёнства прыйшлося сур’ёзна пазмагацца. Матч пастаянных супернікаў “Мінска” і гарадзенскага “Рытма” быў перадапошнім ў туры, і ён жа стаў вырашальным. “Рытму” ўдалося абыграць суперніц з лікам 3:1, аднак такі вынік зрабіў як агульную колькасць ачкоў, так і розніцу забітых і прапушчаных мячоў аднолькавай. Пераможцу давялося выяўляць з дапамогай булітаў. Але там “Мінск” быў мацнейшы –  4:3, а значыць абараніў свой леташні чэмпіёнскі тытул. Гарадзенскія дзяўчыны засталіся з срэбрам.