Прадпрымальнікі, якія выйшлі на плошчу ў Гродне, абяцалі вярнуцца (+ВІДЭА)

Усё пачалося ў 11.30, калі да плошчы пачалі падыходзіць гарадзенцы. Спачатку прадпрымальнікі стаялі некалькімі групамі, але бліжэй да 12.00 мітынгуючыя сталі гуртавацца і колькасць іх павялічылася да 80 чалавек.

 

Хтосьці казаў, што выйшаў на плошчу ў знак салідарнасьці з мінскім мітынгам, а хтосьці хацеў сустрэчы з гарадскімі ўладамі, каб прадставіць свой погляд на сітуацыю, што склалася.

 

Спачатку да людзей выйшла жанчына, якая прадставілася супрацоўніцай гарвыканкама. Яна прапаноўвала ўсім мітынгуючым прайсці ў актавую залу гарвыканкама і нармальна правесці перамовы. Людзі адмовіліся і чакалі пакуль на плошчу выйдзе старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой.

 

Пакуль народ чакаў кіраўніка горада, некалькі людзей разгарнулі плакат з надпісам “Мы против диктатуры”. Мітынгуючыя дадзеную актыўнасць ацанілі і прапанавалі падысці да вокнаў гарвыканкама.

 

 

Толькі праз 40 хвілін да мітынгоўцаў (іх было ўжо 150 чалавек) выйшаў і сам старшыня. Народ сустракаў Мечыслава Гоя апладысментамі. Ён таксама адразу прапанаваў усім прайсці ў залу і не мокнуць пад дажджом. Але сабраных было не супакоіць, людзі сталі гукаць “Работу!”.

 

 

Дыялог пачаўся пад дажджом. Некалькім мітынгуючым атрымалася распавесці старшыні пра свае праблемы. Прадпрымальнікі распавядалі, што яны не бандыты і не разумеюць, чаму прэзідэнт так іх называе і прыніжае перад ўсёй краінай. Некалькі людзей усклікнула, што, сышоўшы з рынку, яны не могуць знайсці працу. Мечыслаў Гой сказаў, што асабіста зоймецца гэтым пытаннем і запрасіў іх да сябе на прыём.

 

 

Таксама старшыня распавёў, што разумее сітуацыю, якая склалася ў краіне, але з гэтым ён асабіста нічога не можа зрабіць. Яшчэ некалькі разоў ён прапанаваў мітынгуючым прайсці ў актавую залу гарвыканкама. Але, зразумеўшы, што ніхто не пойдзе, ён сышоў, а людзі зноў сталі скандаваць “Работу!”

 

Да канца мітынгу падцягнулася і міліцыя ў цывільным, але ніякіх затрыманняў не адбылося.

 

У 13.20 народ стаў разыходзіцца, і пры гэтым шмат хто казаў, што гэта толькі пачатак і іх у будучыні будзе не дзясяткі, і сотні.