Паміж Іванаўскай і Тэльмана: як амерыканскі прэзідэнт “пабываў” у Гродне
Першая сусветная вайна і падзеі пачатку XX стагоддзя спустошылі гарады па ўсёй Еўропе. Распад імперый і ўсплёск рэвалюцыйнага руху не дазвалялі справіцца з беспарадкамі, голадам і хваробамі, якія пачаліся ў гады вайны.
Гродна ў тыя часы меў патрэбу ў дапамозе не меншую за іншыя гарады Еўропы, асабліва ў 1918 і пачатку 1920-х гг. У горадзе рэгулярна мянялася ўлада: пасля вайны немцы аддалі Гродна палякам, тых выцеснілі саветы. У 1920 годзе, горад ізноў, да 1939, занялі палякі. Увесь час, пакуль Гродна хадзіў з “рук у рукі”, у горадзе галадалі і хварэлі тысячы людзей.
Амерыканцы дапамагалі праз ARA
Дапамагаць еўрапейцам са сваім дабрачынным фондам ARA пачаў амерыканскі інжынер Герберт Гувер.
У 1919 па 1922 гг. фонд даставіў з-за акіяна ў Польшчу, у складзе якой у той момант быў Гродна, 95 тысяч тон харчавання, 1 млн адзінак адзення, абутку і бялізны. Агульны кошт дапамогі склаў амаль 66 млн долараў.
Гарадзенскія дзеці ўваходзілі ў лік дзясяткаў тысяч сірот вайны, у якіх у перыяд з 1914 па 1920 гады бацькі загінулі на палях бітваў, ці памерлі ў ваенных шпіталях ад эпідэмій і голаду. Амерыканская дапамога ў першую чаргу была скіраваная дзецям.
Шылі вопратку з мяхоў ад мукі
У першы час пастаўкі адзення ў Гродна былі абмежаванымі, таму вопратку часта шылі з мяхоў, у якіх звычайна перавозілі амерыканскую муку.
align=”” width=”725″ height=”512″ >
Дзеці ў Гродне 1919-1920 гг. (Фота з архіву газеты “The New York Times”)
Варта адзначыць, што Гувер вельмі даражыў лістамі, якія прыходзілі яму ад дзяцей з Польшчы, у тым ліку і з Гродна.
У снежні 1920 году амерыканскі інжынер, адказаў на дзіцячую пошту:
“Я глыбока ўдзячны за цудоўныя альбомы, скруткі і доўгія спісы аўтографаў, якія вы паслалі мне ў знак вашага разумення сяброўства, якое прапанаваў вам амерыканскі народ. Як старшыня АRА, я дзякую вам ад імя ўсёй арганізацыі і асабліва ад імя тых адданых амерыканцаў, членаў, якія накіраваліся ў вашу краіну і сумленна выконвалі абавязак, каб дапамагчы вам вырасці здаровымі і шчаслівымі грамадзянамі. Спадзяюся, што праца, якую мы змаглі зрабіць, дапаможа выпрацаваць у вас ідэалы свабоды і цывілізацыі, за якія Амерыка ўступіла ў Вялікую вайну“.
Іванаўскую перайменавалі ў Гувера
Гарадскія ўлады вырашылі ў 1922 году перайменаваць вуліцу Іванаўскую ў Гувера. Чаму менавіта яе – гісторыкі сказаць не бяруцца. Можна меркаваць, што такім спосабам новая ўлада хацела пазбавіцца ад тыповай рускай назвы вуліцы і падзякаваць фонду Гувера за дапамогу.
Таксама вядомы факт, што ў пачатку XX стагоддзя гэта вуліца была ўлюбёным месцам “жрыц кахання”. У 1921 годзе жыхары вуліцы звярнуліся да гарадскіх уладаў, каб тыя забаранілі прастытуцыю на іх вуліцы. Верагодна, прэзідэнт горада ўхваліў просьбу гараджан і вырашыў пазбавіць вуліцу ад асацыяцый з мінулым з дапамогай перайменавання.
Вуліца Гувера ў Гродне праіснавала да верасня 1940 года. Затым яе перайменавалі ў Тэльмана – у гонар нямецкага камуніста. Гэту назву яна носіць і цяпер.
Час вяртаць назву?
У пачатку 1990-х гадоў гарадзенскі гісторык Ігар Трусаў выказаўся за вяртанне забытай назвы вуліцы. Яго выказванні ў сваёй працы “Прыгоды АРА ў Беларусі” публікаваў Аляксандр Лукашук:
“Жывуць зараз на нашай зямлі людзі, якіх бы не было, калі б гэты высакародны чалавек Герберт Гувер не спрабаваў накарміць і апрануць галодных людзей у незнаёмай, далёкай, разбуранай вайной краіне. Было б правільна і справядліва калі-небудзь адрадзіць вуліцу названую ў яго гонар“.
Герберт Гувер нарадзіўся ў 1874 годзе, а памёр 1964. Ён быў прэзыдэнтам ЗША з 1929 па 1933 гг
На першым здымку паказаны дзеці з Заходняй Беларусі, якія асірацелі ў Першую сусветную вайну. Яны разам з многімі іншымі ў 1921 годзе прыбылі ў Нью-Ёркскую гавань, каб пачаць новае жыццё (фота з архіву газеты “The New York Times”).