“Бамбілаў” стала менш, “металістаў” – больш. За што гарадзенцы плацілі штрафы ў 2015 годзе

Са словаў Дзяніса Валадаўцава, за мінулы год значна павялічылася колькасць зваротаў у эканамічны суд. Гэтак, у 2014 заяўленыя патрабаванні складалі толькі 2,4 трлн.

 

 

Асоба ён зазначыў значны рост зваротаў па адміністрацыйных правапарушэннях. Удзельная вага такіх пратаколаў склала за 2015 год 15%, што ўдвая больш, чым у сярэднім па краіне. Такія паказчыкі – вынік высокай актыўнасці кантралюючых органаў, у першую чаргу падатковай (70% разгледжаных пратаколаў)  і транспартнай (10%) інспекцый.

 

 

 

У  2015 годзе эканамічны суд Гродзенскай вобласці спагнаў па адміністрацыйных правапарушэннях 3,5 млрд рублёў штрафаў, канфіскаваны ім даход склаў больш за 16 млн рублёў, а тавараў канфіскавана больш чым на 43 млрд рублёў. Па двух справах аб адміністрацыйным правапарушэнні былі канфіскаваны аўтамабілі.

 

У складзе парушальнікаў за 2015 год былі фізічныя асобы, індывідуальныя прадпрымальнікі і юрыдычныя асобы. Пратакол аб парушэнні летась атрымаў кожны шосты жыхар вобласці.

 

 

Чырвоныя макі, шэрыя таксоўкі і чорны метал

 

Найбольш актуальнымі адміністратыўнымі парушэннямі кіраўнік эканамічнага суда назваў пазазаконны абарот маку і насваю, “шэрыя таксоўкі” і незаконны зварот металалому.

 

 

Абмежаванні на рэалізацыю і транспарціроўку маку існуюць у краіне ўжо больш за два гады. За гэты тэрмін у эканамічным судзе разгледзелі 17 справаў звязаных з яго пазазаконным абаротам. Сумы штрафаў склалі 340 млн рублёў, былі канфіскаваны два аўтамабілі.

 

Што да насваю, то хаця гэта рэчыва не адносіцца да наркатычных, яго абарот таксама забаронены. За мінулыя пяць гадоў у вобласці было 16 справаў (дзевяць за 2015 год), штрафы па іх агулам склалі каля 115 млн рублёў.

 

 

Нелегальных таксістаў зараз становіцца ўсё менш. Калі ў 2012 годзе было 57 такіх справаў, у 2014 – 22, то у 2015 толькі 12. За пяць апошніх гадоў за паўторныя нелегальныя перавозкі пасажыраў было канфіскавана восем аўтамабіляў. Зніжэнню гэтага віда парушэнняў, як лічыць кіраўнік суда, спрыяе паслядоўная пазіцыя праваахоўнікаў і спрашчэнне легалізацыі такой занятасці. Аформіць прадпрымальніцтва можна за адзін дзень.

 

 

Незаконны зварот металалому прынёс у мінулагодні бюджэт 78 млн рублёў штрафаў, на 127 млн рублёў канфіскаванага даходу і адзін аўтамабіль. Колькасць такіх правапарушэнняў вырасла за год амаль удвая: ад 26 у 2014 да 48 ў 2015 годзе.

 

Справа ў тым, тлумачыць Дзяніс Валдаўцаў, што парушальнікамі заканадаўства з’яўляюцца не тыя, хто разова здае старыя металічныя рэчы, а “прадпрымальнікі”, што збіраюць ці скупаюць металалом.

 

Старшыня эканамічнага суда адзначыў пашырэнне ўжывання інтэрнэт-тэхналогій як парушальнікамі, так і прадстаўнікамі кантралюючых органаў. У гэтай галіне найбольш характэрным парушэннем ён назваў незаконны сістэматычны гандаль праз інтэрнэт для атрымання дахода. У такіх выпадках ладзяцца пазапланавыя праверкі.

 

Больш “цыгарэтчыкаў” і больш банкротаў

 

Тыповымі для Гарадзеншчыны эканамічнымі правапарушэннямі застаюцца і звязаныя з захоўваннем ці транспарціроўкай буйных партый цыгарэт. Большая частка маршрутаў такога кшталту парушальнікаў вядзе ў Воранаўскі раён, бліжэй да дзяржаўнай мяжы. За чатыры апошнія гады па такіх справах было канфіскавана 15 аўтамабіляў. Штрафы за 2014 год склалі 2 млрд рублёў, а за 2015 – 5 млрд рублёў. Канфіскавана цыгарэт на сумы 27 і 41 млрд рублёў адпаведна.

 

Пабольшала ў 2015 годзе і заяваў аб прызнанні прадпрыемства банкротам. Іх было 179, што на 10,5% больш, чым ў 2014 годзе.

 

Дзяніс Валдаўцаў назваў эканамічны суд адным з самых даступных у сістэме правасуддзя, бо за мінулы год колькасць адмоваў у прыняцці заяваў складала толькі 5,3%.

 

Канфэрэнцыя старшыні эканамічнага суда транслявалася анлайн на ВКонтакце. Там можна падрабязней даведацца пра вынікі працы суда за справаздачны перыяд.