“З часам страх прытупляецца”. Прамысловы альпініст падзяліўся фотаздымкамі “Гродна Азот” з вышыні
Прафесійны шлях Дзмітрыя пачаўся спантанна, калі магілёўскай арганізацыі “Сінтэл” спатрабіўся зваршчык 6-га разраду. Толькі на размове ў фірме ён даведаўся, што асноўная спецыялізацыя арганізацыі – вышынныя работы, якiя праводзяцца метадам прамысловага альпінізму.
– Гэта мяне вельмі зацікавіла, таксама як і будаўнічыя аб’екты, размешчаныя па ўсёй Беларусі. Арганізацыя працуе з такімі гігантамі як БМЗ Жлобін, Гомельскі хімічны завод, Гродна-Азот, Белтрансгаз і г.д. Такая праца дазваляе пабываць у шматлікіх новых месцах. Паглядзець нашы гарады, у тым ліку з вышыні 100-180 метраў.
Такімі гарады Беларусі не бачаць нават іх уласныя жыхары.
align=”” width=”725″ height=”544″ >
Прайшоўшы курсы перападрыхтоўкі і атрымаўшы пасведчанне прамысловага альпініста, Дзмітрый трапіў у вялікі сяброўскі калектыў, дзе яшчэ доўга спасцігаў тонкасці прафесіі.
– Жумар, дэсанцёр, капя… Існуе мноства прыстасаванняў, характарыстыкі якіх трэба ведаць, і ўмець з імі працаваць. Нават зварваць метал, боўтаючыся на вяроўцы, у 100 разоў больш складана. У гэтай спецыяльнасці людзі маюць па некалькі сумежных прафесій.
Дзмітрый кажа, што альпініст павінен быць фізічна моцным, сабраным, адказным, умець прымаць хуткія і нестандартныя рашэнні. Ад гэтага залежыць жыццё не толькі яго, але і навакольных.
Дзмітрый ніколі не забудзе свой першы аб’ект – труба вышынёй 120 метраў. Менавіта на ёй ён і прайшоў падрыхтоўку.
– Старыя, іржавыя металаканструкцыі, караскаючыся па якіх адчуваеш страх, узіраешся, правяраючы па некалькі разоў кропку мацавання і страхоўку, змагаешся з жаданнем спусціцца хутчэй на зямлю. Але як толькі дасягаеш вяршыні – усё кардынальна змяняецца. Углядаючыся ў прыгажосць навакольнага пейзажу, пачынаеш інакш ставіцца, нават любіць вышыню. З часам страх прытупляецца, ператвараючыся ў пачуццё небяспекі, якое нават дапамагае працаваць больш акуратна. А акуратнасць і выкананне правіл тэхнікі бяспекі практычна цалкам гарантуюць бяспеку.
Дзмітрый працуе на вышыні ўжо чатыры гады. Цяпер ён радзей займаецца зваркай, бо выконвае абавязкі майстра. Але ўгары ўсё роўна прыходзіцца быць часта.
– За час працы шмат дзе давялося пабываць. Ужо з’явіліся любімыя месцы, сярод якіх і Гродна. З заводам “Гродна-Азот” мы супрацоўнічаем некалькі гадоў, выконваючы рамонт і рэканструкцыю на трубах: Олеум – вышынёй 150 метраў, ВЕН – 150 метраў, а зараз – труба КТЦ, вышынёй 120 м.
Знаходзячыся ўгары, выдатна бачны горад, які стаіць па двух берагах Нёмана. “Дамы і машыны зусім малюсенькія і здаюцца цацачнымі. Гродна адрозніваецца сваёй архітэктурай і добрым, спагадным насельніцтвам”, – кажа Дзмітрый.
Паколькі ў альпініста праца складаная не толькі фізічна, то і вольны час павінен быць адпаведны. Хтосьці ходзіць у горы, хтосьці рыбачыць, а ў Дзмітрыя зімой сноўборд. Летам жа ён праводзiць палёты на невялікім двухмесным лятальным апараце – дэльталёце.