Здымкі з Мюнхена і Парыжа знайшліся на гарышчы ў Лунне: выстава з фотакалекцыі Альфрэда Ромера працуе ў Гродне

|

Альфрэд Ізідор Ромер – беларускі і польскі жывапісец, скульптар, мастацтваўца, этнограф. Ён паходзіў са старажытнага рыцарска-шляхецкага роду Ромераў, што вядзе пачатак з XV стагоддзя, з Саксоніі.

 

Альфрэд нарадзіўся ў Вільні 16 красавіка 1832 года, яго бацька, Эдвард Ян Ромер і брат  Эдвард Мацей Ромер таксама былі мастакамі.  Альфрэд у маладыя гады вывучаў права ў Віленскім універсітэце і браў урокі малявання. У Вільні яго настаўнікам быў Канут Русецкі, а пазней у Парыжы –  Антоній Аляшчынскі. За ўдзел у паўстанні ў 1863 годзе Альфрэда Ромера арыштавалі. Адбываў пакаранне ў Дынабургскай вязніцы (сучасны Даўгаўпілс), а пасля сасланы ў Кастрамскую губерню. Пасля вызвалення ў 1867 годзе ён зноў паехаў у Еўропу, вучыўся ў Мюнхене ў Акадэміі вытанчаных мастацтваў, удзельнічаў у мастацкіх выставах Парыжа і Кракава.

 

Здымкі сябраў і калег мастака, зробленыя ў тыя часы ў розных фотаатэлье Еўропы, складаюць першую частку экспазіцыі выставы. Большасць фатаграфій зроблена ў Мюнхене ў 1867-70 гады

 

Дапаўняюць экспазіцыю таго часу здымкі мясцін, звязаных з жывапісцам. Найбольш вядомыя з іх належаць Эдуарду-Дені Бальдзюсу, французскаму мастаку і фатографу. Ён у той час здымаў на замову Гістарычнай камісіі па захаванню помнікаў архітэктуры Францыі.

 

Такім сфатаграфаваў Парыж Бальдзюс Эдуард-Дэні і бачыў яго Альфрэд Ромер, распавядае Сяргей Казуля, старшы навуковы супрацоўнік музея

 

На радзіму мастак вярнуўся ў 1874 годзе і, ажаніўшыся з Вандай Сулістроўскай, пераехаў у яе маёнтак Каралінава (сучасны Пастаўскі раён). Тут ён пісаў партрэты знаёмых і сваякоў, пейзажы, карціны з выявамі архітэктурных помнікаў і кампазіцыі з жыцця беларускага народа, рабіў гравюры.

 

У сённяшняй Беларусі, па вялікім рахунку, засталося толькі дзве работы Ромера — “Пінская мадонна” ў Пінскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і “Хрыстос і сірата” ў касцёле Святога Яна Хрысціцеля ў вёсцы Камаі (сучасны Пастаўскі раён)

 

Фотаздымкі яго жыцця з той пары паказваюць людзей, што жылі пабач – сялян, простых людзей, маладых паненак і сівых старцаў.

 

Подпіс здымка кажа, што гэта сяляне, але Сяргей Казуля лічыць, што гэта, хутчэй, мясцовая засцянковая шляхта. Пра тое сведчыць пэўная вытанчанасць строяў і “ганаровыя” паставы герояў

 

Акрамя мастацкай дзейнасці ён вядомы і навуковай працай. Яму належыць даследванне “Польскія паясы, іх фабрыкі і знакі” (1893), адзін з раздзелаў якога прысвечаны слуцкім паясам. Памёр мастак у 1897 годзе і пахаваны ў радавой капліцы касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Троках.

 

Што да шляхоў, якія прывялі альбом Альфрэда Ромера на гарышча вясковай хаты ў Лунна, то яны звязаны з братам мастака – Эдвардам Мацеем Ромерам. Эдвард у 1880 годзе  ажаніўся з Юзэфай Чахоўскай і атрымаў у якасці пасагу маёнтак у Лунне. Спадкаемцы Ромераў гаспадарылі там да 1939 году.

 

У той самы час  існаваў “дом Ромера” і ў Гродне, размяшчалася ў ім гасцініца “Пецярбуржская” (Малюнак Напалеона Орды, 1867). Гэты будынак захаваўся да нашых часоў (сучасны адрас – Савецкая, 23), а вось маёнтак у Лунне быў разбураны

 

Прыналежнасць альбома Альфрэду Ромеру вызначылі па ініцыялах “R.A.” на вокладцы. Для дакладнай ідэнтыфікацыі запрашалі з Польшчы прадстаўнікоў роду Ромераў. Верагодна, пасля смерці мастака брат прывёз яго рэчы ў Лунна. У часы змены ўлады, калі дазвалялася “рабаваць нарабаванае”, мясцовыя жыхары пазабіралі сабе ўсё каштоўнае. 

 

Вывучэнне таямнічай знаходкі стала цікавай часткай працы, кажа старшы навуковы супрацоўнік музея Сяргей Казуля. Выстава ў ёй – толькі пачатак. Гэтыя здымкі, паводле навукоўца, унікальныя, вартыя  вывучэння і больш глыбокага даследавання.

 

 

Наведаць выставу з калекцыі знакамітага мастака можна да сярэдзіны красавіка.

Білет на прагляд толькі гэтай экспазіцыі каштуе 3000 рублёў. Замовіць экскурсію па выставе можна за 60 тысяч.

Каб наведаць астатнія залы музея трэба запраціць за білет 24 000 рублёў.