Уладзімір Краўцоў пастраляў з пісталета, аўтамата, снайперскай вінтоўкі і гранатамёта

|

Уладзімір Краўцоў, Сямён Шапіра ды іншыя кіраўнікі абласцей ды іх намеснікі сабраліся 18 лютага пад Мінскам, каб папрактыкавацца ў валоданні агнястрэльнай зброяй. Заняткі праходзілі ў межах двухдзённых збораў па тэрытарыяльнай абароне, піша Белта.


У першы дзень, 17 лютага, чыноўнікам расказалі пра ваенна-палітычную абстаноўку вакол Беларусі і задачы мясцовых органаў улады па падрыхтоўцы тэрытарыяльнай абароны, другі дзень быў цалкам практычны.

 

Чыноўнікі пазнаёміліся як са стандартнай зброяй – пісталетам Макарава, аўтаматам Калашнікава і снайперскай вінтоўкай Драгунова, гэтак і са зброяй элітных войскаў – вінтоўкай “Вінтарэз” і аўтаматам “Вал”.

 

 

Старшыні аблвыканкамаў адказваюць за тэрытарыяльную абарону з лістапада 2011 года. З таго часу яны маюць званні генерал-маёраў. Сёмён Шапіра на такіх зборах ужо трэці раз – першыя два разы на іх ён быў яшчэ ў якасці кіраўніка Гродзеншчыны. З яго словаў, “тэрытарыяльная абарона не лягчэй пасяўноў”.

 

 

На кіраўніках абласцей ляжаць істотныя задачы: пра патрэбе мабілізаваць людзей, сфармаваць з іх асобныя батальёны, змагацца з дыверсантамі, ліквідаваць страты ад атак ворага. Таксама тэрытарыяльная абарона ўдзельнічае ў ахове мяжы і аб’ектаў жыццязабеспячэння: чыгункі, дарог, сістэмы вадазабеспячэння, шпіталёў і г.д.

 

У выпадку рэальнай вайны тэрытарыяльная абарона павінна арганізаваць падполле і партызанскі рух.