Акцыя прадпрымальнікаў у Гродне прайшла ціха. Наступны крок – марш пратэсту?
Моцны дождж пачаўся за 20 хвілін да пачатку мітынгу. Людзей у той момант на плошчы яшчэ не было. Бліжэй да 12.00 пачалі збірацца першыя групы, а ўжо ў 12.20 на плошчы было каля 100 чалавек. Мэты мітынгуючыя перад сабой ставілі ўсё тыя ж: адмена ўказу №222 і нармальныя адносіны да прадпрымальнікаў з боку ўладаў.
Калі тыдзень таму мітынгуючыя чакалі выхаду прадстаўніка гарадскіх уладаў, то ў гэты раз яны проста стаялі і скандавалі “Працы!”. Да старога лозунга дадалі выкрыкі “Свабоду!” i “Імпічмент!”. Ніякіх плакатаў і расцяжак гэтым разам не было.
Людзі, якія выйшлі на плошчу, выдатна разумелі, што мясцовыя ўлады нічога не могуць зрабіць у існучай сітуацыі. Для мітынгуючых было важна паказаць, што ў краіне ёсць праблема і яе трэба тэрмінова вырашаць.
На плошчы было менш людзей, чым у мінулы панядзелак. Са слоў прадпрымальнікаў, на колькасць мітынгуючых ужо другі тыдзень уплывае дрэннае надвор’е і нежаданне многіх выходзіць у цэнтр горада.
У гэты раз у падтрымку прадпрымальнікаў на плошчу выйшлі і звычайныя грамадзяне. Можна было заўважыць як моладзь, так і пенсіянераў, якія хацелі перамен у краіне. Былі і тыя прадпрымальнікі, якія ўжо маюць дакументы і могуць працаваць. Для іх праблема ў тым, што людзі перасталі хадзіць на рынак з-за малай колькасці працуючых гандлёвых кропак.
Акцыя працягвалася каля гадзіны. Многія сыходзілі дадому незадаволеныя і засмучаныя. Але былі і тыя, хто лічыў мітынг ужо невялікай перамогай, якая ў будучыні прымусіць улады пайсці на саступкі. Ужо ў наступны панядзелак прадпрымальнікі паспрабуюць арганізавацца, зрабіць транспаранты і зладзіць марш пратэсту па вуліцах горада.