Баявік ДНР з Гродна: “Калі ў Беларусі адбудзецца Майдан, я залью крывёй усю зямлю”

|

34-гадовы Аляксей Фокаў, родам з Гродна, ваюе на Данбасе з 2014 году. Паводле ягоных слоў, да вайны ён працаваў у сферы будаўніцтва. У 2001–2002 гадах служыў ва Узброеных сілах Беларусі ў воінскай частцы ў Мар’інай Горцы (5-я асобная брыгада спецыяльнага прызначэння). Цікава, што, паводле інфармацыі СМІ, у гэтай частцы служылі яшчэ як мінімум чатыры беларусы, якія ў 2014–2015 гадах паехалі ваяваць за ДНР.

 

На старонцы баевіка Вконтакте можна знайсці шматлікія карцінкі з сімволікай расійскай ультранацыяналістычнай арганізацыі РНЕ (“Русское национальное единство”), а сама старонка падпісаная на шэраг суполак прыхільнікаў РНЕ ў сацсетцы. У тым ліку на суполку “РНЕ (Рэспубліка Беларусь)”, дзе публікаваліся заклікі да беларусаў запісвацца ў добраахвотнікі і ехаць ваяваць за “Новороссию”. На старонцы Фокава Вконтакте стаіць даволі красамоўны статус: “Ідзе вайна рускіх супраць захаду… прымі ўдзел у гэтай вайне, каб вайна не прыйшла заўтра ў твой дом”.

 

У размове са Свабодай сам Фокаў прызнаў, што ён актывіст РНЕ. Але ад прамога адказу на пытанне, ці дзейнічае ў Беларусі сталая ячэйка РНЕ, баявік ухіліўся. “РНЕ паўсюль, дзе ёсць рускія”, — дадаў ён.

 

Гэтаксама ён ухіліўся ад прамога адказу на пытанне пра ўдзел расійскай арміі ў канфлікце на Данбасе: “Русь — яна ўсюды, дзе рускія. І калі забіваюць рускіх, то і войска рускае там”.

 

 

На Данбас Фокаў з’ехаў у 2014 годзе, таму што “імкнуўся абараніць увесь рускі народ”. З тых часоў ён ніводнага разу ў Беларусь не прыязджаў.

 

“Пакуль Лукашэнка ва ўладзе, я не магу прыехаць дадому. Таму што ён дзейнічае на два франты. І тым, і гэтым. Цяпер Лукашэнка ідзе супраць „русского мира“, а раней за яго. Мне свеціць пажыццёвае зняволенне, калі я прыеду”, — дадаў ён, але адмовіўся тлумачыць, чаму менавіта “пажыццёвае” (максімальнае пакаранне паводле артыкула “наёмніцтва” — 7 гадоў пазбаўлення волі).

 

Фокаў — прыхільнік канцэпцыі “трыадзінага рускага народа”, які быў нібыта штучна раз’яднаны пры савецкай уладзе. Прычым ён упэўнены, што большасць жыхароў Рэспублікі Беларусь — гэта “велікаросы”, а беларусаў “толькі чвэрць”.

 

З пункту гледжання Фокава, вайна на Данбасе — гэта вайна рускіх з Захадам.

 

“Ідзе вайна рускіх супраць „еўраўкропаў“ і „піндосаў“. Пасля перамогі будзе „править правь“. Гэта бачна ў ведычным праваслаўі”, — кажа ён.

 

Ён дадае, што на Данбасе сярод баевікоў адчуваецца пэўнае расчараванне ў сваіх лідарах: “Разумееш, што многія прыйшлі да ўлады з тых, хто хоча зарабіць на вайне”.

 

Адказваючы на пытанне, што ён будзе рабіць, калі да ўлады ў Беларусі прыйдуць людзі, якія павядуць краіну ў Еўропу, Фокаў заявіў:

 

“Калі ў Белай Русі (менавіта так баявік заўсёды называе Беларусь. — РС) захоча большасць народа прыйсці да Еўропы, то я нічога не зраблю. А калі як Майдан, то я залью крывёю ўсю зямлю і нішто мяне не спыніць. Мяне ўжо тут пачынаюць называць забойцам і людаедам, пажыральнікам людзей. Я шмат наганяў жаху на „ўкропаў“. Усё ж такі я салдат. А ўсе астатнія быццам не разумеюць, што такое смерць. Я гатовы прыняць смерць і яе несці, і заліць зямлю крывёю сваіх ворагаў».

 

Лічбы праваахоўнікаў

 

Паводле дадзеных беларускіх праваахоўных органаў, у вайне на Данбасе прымала ўдзел каля 140 грамадзян Беларусі з абодвух бакоў, 8 з іх загінулі. МУС заяўляе пра наяўнасць матэрыялаў у дачыненні да 24 грамадзян Беларусі, якія ваявалі ў Данбасе. Гэтыя матэрыялы цяпер вывучаюцца Генпракуратурай і СК.

 

Але пра ніводную крымінальную справу паводле артыкула “наёмніцтва” пакуль невядома.