Валанцёры Чырвонага крыжа з Мінска сутыкнуліся ў Гродне з абыякавасцю людзей

|

Акцыя ў Гродне праходзіла ўпершыню. Мэтай быў збор сродкаў для гродзенскага дзённага цэнтра Чырвонага крыжа. Са слоў валанцёраў, у цэнтра няма магчымасці самастойна аплаціць ні камунальныя паслугі, ні арэнду памяшкання.

 

 

Такія акцыі валанцёры праводзяць на розных прадпрыемствах, а гэтым разам яны вырашылі выйсці ў цэнтр горада. Падтрымалі гарадзенцаў і калегі з Мінска – былыя iнтэрнатаўскiя дзеці, якія не спілiся і не забіліся, не пайшлі дрэннай дарогай, а сталі на правільны шлях у жыцці.

 

Праўда, у Гродне прыезджыя валанцёры сутыкнуліся з праблемай.

 

Абыякавасць людзей – вось асноўная праблема. Можа, у гродзенцаў усё добра, і яны занятыя іншымі праблемамi. Але ёсць жа цэнтр, дзе хворыя дзеці маюць патрэбу ў падтрымцы. Напэўна, многiя думаюць, што Чырвоны крыж – багатая арганізацыя, якая можа дапамагчы ўсім. Але насамрэч не.


Калі валанцёры выходзяць на вуліцу, значыць камусьці патрэбна дапамога. Напрыклад, мы ў гэты праект уклалі асабістыя фінансы: прывезлі шарыкі, паклікалі розных артыстаў і музыкаў. Але, як апынулася, гораду гэта не трэба. Нам нават не прадаставілi апаратуру. Акцыя апынулася правальная, замест таго, каб зарабляць грошы, мы папросту іх выкінулі на вецер“, – распавяла адна з арганізатараў акцыі Крысціна.

 

 

Але валанцёры стараюцца не падаць духам і ў хуткім часе правядуць у горадзе чарговую акцыю ў падтрымку дзённага цэнтра. Яны зноў разлічваюць на падтрымку гараджан.