Гродзенская міліцыя атрымала шыкоўны падарунак ад дзяржавы: Ленінскі райаддзел пераехаў у новы будынак
Цяпер праваахоўнікі Ленінскага райаддзелу міліцыі будуць мець сучаснае месца працы. Яшчэ з 2009 года службы аддзела знаходзіліся ў розных месцах, што стварала нязручнасць людзям, якія звярталіся ў міліцыю па якіх-небудзь пытаннях.
“Я шчыра зайздрошчу супрацоўнікам органаў унутраных спраў, якiя атрымалі ад дзяржавы проста шыкоўны падарунак. Шчыра скажу, у новым будынку можна не толькі працаваць, але і жыць. Хочацца, каб нашы супрацоўнікі адплацілі той жа манетай свайму народу і дзяржаве, якая не забывае пра іх у такi цяжкі час. У новым і сучасным будынку можна будзе ўвасобіць ўсе ідэі“, – распавёў Ігар Шуневіч.
Новы дом Ленінскага РАУС у так званым “прававым квартале” па праспекце Дубко адпавядае сучасным патрабаванням. Дзякуючы новаму будынку ў міліцыянераў палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база, з’явілася неабходная інфраструктура для спецыяльнай падрыхтоўкі асабовага складу.
“Зараз па ўсіх пытаннях: заяву ў міліцыю, замена пашпарта, рэгістрацыя зброі і атрыманне кансультацыі, грамадзяне могуць звяртацца па адным адрасе. З пераездам у новы будынак, уз’яднаннем усіх службаў, атрымаецца больш аператыўна выконваць пастаўленыя задачы, павысіць якасць нясення службы, палепшыць крымінагенную абстаноўку ў раёне“, – распавёў начальнік РАУС палкоўнік міліцыі Найдзенка Васіль.
У новым будынку размяшчаецца цір, зала барацьбы і пляцоўкі, дзе супрацоўнікі міліцыі могуць праводзіць заняткі па службовай, агнявой і фізічнай падрыхтоўцы.
Таксама на афіцыйным адкрыцці прысутнічалі старшыні гарвыканкама і аблвыканкама.