Вайсковы тэлефон і прымач як у шпіёна. На СТА ў Гродне сабралі калекцыю рарытэтнай гукатэхнікі

Завітаўшы на СТА для дыягностыкі аўтамабіля, можна нечакана для сябе патрапіць у музей. Дзе такое можа быць? Толькі ў Гродне

 

Пачалося з выпадковай радыёлы


“Пачалася гісторыя калекцыі каля чатырох гадоў таму са старой радыёлы-“тумбачкі”, – расказвае Мікалай Кабаў, начальнік станцыі дыягностыкі. Радыёлу аддалі яму знаёмыя, што знялі кватэру са старой мэбляй. Гаспадары дазволілі выкінуць усё на сметнік, але на тое не паднялася рука. Рэчы, што яшчэ можна было выкарыстаць, параздавалі сябрам. “Мне прапанавалі радыёлу, казалі – на дачу завязеш”. Яна была ў працоўным стане, таму Мікалай прынёс тэхніку на працу – слухаць радыё і круціць кружэлкі.

 

Менавіта з гэтай радыёлы-“тумбачкі” пачалася гісторыя імправізаванага музея на станцыі тэхнічнай дыягностыкі аўтамабіляў

 

На “рэтра-музыку” пачалі звяртаць увагу кліенты. Маладзейшыя казалі, што бачылі такую ў бабуль-дзядуль, старэйшыя часам узгадвалі, што і ў іх недзе ёсць падобная тэхніка. З часам пачалі прыносіць свае радыё- і тэле- рарытэты, каб “прыстроіць” у добрыя рукі. “Так незаўважна, – кажа Мікалай, – і сам зацікавіўся, і калег зацікавіў. Зараз нават прыкупаем нешта, калі дзе на барахолцы выпадкова ўбачым”.

 

Большую частку калекцыі складаюць узоры гукатэхнікі 80-х гадоў мінулага стагоддзя

 

Экспанаты – ад 20-х да 90-х

 

Калекцыя налічвае каля сотні розных экспанатаў – радыёпрымачы, міні-тэлевізары, касетныя і бабінныя магнітафоны, гукаўзмацняльнікі, фотаапараты. Знайшліся да гэтай тэхнікі і “носьбіты інфармацыі” – старыя кружэлкі, касеты і магнітафонныя стужкі.

 

Вінілавыя кружэлкі, што перадавалі ў калекцыю разам з прайгравальнікамі, нагадваюць пра музычныя густы канца стагоддзя. Паслухаць іх можна ў любы момант

 

Ёсць тут і вельмі старыя рэчы, гадоў 20-30-х, бабінныя магнітафоны 70-80-х гадоў, адзін нават з 50-х, прайгравальнікі і гукаўзмацняльная апаратура ў асноўным з 90-х.

 

На магнітных стужках бабінаў і касет захаваліся, на жаль, не ўсе запісы. Ужо пад час перадачы ў калекцыю многія з іх былі размагнічанымі з-за доўгага ці неналежнага захоўвання

 

Як у сапраўдным музеі, акрамя тэматычных экспанатаў выставы тут можна ўбачыць іншыя прыкметы часу – тагачасныя газеты, кнігі, грошы.

 

Газета “Правда” коштам тры капейкі нагадвае пра “адзіную волю народа, славу працоўных і КПСС” – тыя рэчы, што сышлі ў нябыт на вачах сённяшніх людзей сярэдняга веку

 

“Звярыныя” беларускія грошы зараз яшчэ памятаюць многія. Разам з імі – пятак савецкага часу – тыя самыя “свае пяць капеек”, якімі папікаюць за назойлівыя каментары і няпрошаную дапамогу

 

“Гэта зараз музыку з флэшак і камп’ютараў слухаем, а пачыналася з прымачоў і кружэлак”, – успамінае Мікалай. Яго меркаваннем, музыка 70-х ці 90-х і зараз вартая ўвагі. Сам ён кажа, што музыка ў яго жыцці прысутнічае заўсёды – у свой час слухаў і Pink Floyd, і Beatles.

 

Партатыўныя тэлевізары ў свой час былі даволі рэдкай з’явай. Змяншаць памеры лампавых паўправаднікоў было няпроста. Гэта вам не сучасныя вадкія крышталі

 

Для няспраўнай тэхнікі ёсць свой “лекар”

 

“Тэхніку людзі прыносяць у вельмі розным стане, – працягвае расповед Мікалай Кобаў, – нешта працуе, іншае трэба аднаўляць”. Для гэтай справы на станцыі дыягностыкі таксама знайшоўся адпаведны чалавек – Яўген Шчэрба, якога Мікалай называе “майстрам-кулібіным”. Хаця паводле адукацыі Яўген інжынер-механік, ён любіць разбірацца і ў радыётэхніцы. Кажа, што яшчэ падлеткам спрабаваў яе рамантаваць, але тады, у час перабудовы, тэхнічных і матэр’яльных магчымасцяў на такое хобі не ставала.

 

Тэлефонам ТА-57 Яўгену Шчэрбе даводзілася карыстацца пад час тэрміновай службы ў войску. А зараз ён спадзяецца вярнуць да жыцця такі самы апарат, што пасля спісання патрапіў ў калекцыю СТА

 

Ужо пасля службы ў войску хлопец вырашыў вярнуцца да любімага занятку. Гэта дапамагае яму падтрымліваць высокую канцэнтрацыю ўвагі і захоўваць спакой нават у складаных сітуацыях – такія якасці вельмі патрэбны супрацоўніку пры тэхаглядзе аўтамабіляў.

 

Зараз вольныя ад працы хвіліны Яўген праводзіць над  вайсковым тэлефонам ТА-57. Кажа, такія яшчэ былі, калі ён служыў у войску – выкарыстоўваліся для сувязі паміж ротамі на розных паверхах казармы. Узрост гэтага апарата – каля паўвека. Прывёз яго на станцыю нехта з кліентаў у непрацоўным стане. Але Яўген спадзяецца, што хутка тэлефон ізноў будзе званіць.

 

Пад час рамонта радыётэхнікі, са словаў Яўгена, атрымліваецца знаходзіць душэўны пакой і раўнавагу. Яна дапамагае напрацоўваць канцэнтрацыю і паслядоўнась мыслення, патрэбныя таксама ў працы інжэнера па дыягностыцы аўтамабіляў

 

Дыягназ “не раб” (мабыць, не рабочы), надрапаны на корпусе тэлефона, Яўгену Шчэрбе напэўна ўдасцца выправіць. А надпіс “По окончании разговора трубку уложить в гнездо крышки” нагадвае адразу ўсе анекдоты пра войсковы побыт

 

Адзін экспанат хацелі выкупіць

 

Рэчы з калекцыі маюць розныя лёсы. Але тут іх “гісторыі” працягваюцца і нанова раскрываюцца. “Вось гэты прымач “ВЭФ-Спідола” 60-х гадоў  –  “двайнік” шпіёнскага прымача з фільма “Памылка рэзідэнта”, якім карыстаўся Бекас, герой Міхаіла Ножкіна”, – расказаў Мікалай Кабаў.

 

ВЭФ-Спідола (прымач у бірузовым корпусе на здымку) такі самы, як выкарыстоўваў шпіён Бекас, герой Міхаіла Ножкіна, у культавым савецкім фільме “Памылка рэзідэнта”

 

Кадр з другой серыі фільма “Памылка рэзідэнта. Вяртанне Бекаса”, дзе выкарыстаны прымач ВЭФ-Спідола. “Голас Амерыкі запраста бярэ” – характэрызуе яго шпіён Бекас, герой Міхаіла Ножкіна

 

Яўген Шчэрба распавёў, што адзін з кліентаў тэхагляду вельмі прасіў прадаць яму прымач Вега-402 – ён у дзяцінстве разбіў такі самы сябру, і абяцаў адкупіць, але выканаць тое не атрымалася. Пабачыўшы прымач, ён паддаўся настальгіі і хацеў, ужо больш дзеля жарту, парадаваць прыяцеля падарункам. Хоць прымач набыць і не ўдалося, было бачна, што чалавека неспадзяваная сустрэча з мінулым кранула і парадавала.

 

Не музей, але зроблены ад душы

 

Называць сваю калекцыю музеем Мікалай Кабаў не хоча і жартам. Маўляў, ніякіх унікальных матэр’ялаў тут няма – ўсё звычайнае. Ды і папаўненні імправізаванай экспазіцыі адбываюцца выпадковым чынам. “Сам не ведаю, чаму людзі іх прыносяць, можа, спадзяюцца на паблажку пры тэхаглядзе, – смяецца Мікалай. – Хутчэй, проста – дзеляцца ад душы”.

 

Пабачаць кліенты такі збор і нехта ўспомніць, што дома валяецца на паддашшы штосьці падобнае – і выкінуць шкада, і займацца няма магчымасцяў: “То скідваюць у машыну і нам прывозяць”. А праз пэўны час на дыягностыку вяртаюцца – і аўтамабіль праверыць, і рарытэты праведаць.

 

 

Чытай больш:


“Залатыя рукі і бясконцая цярплівасць”. У Гродне калекцыянеры рэстаўруюць старыя аўто і рыхтуюць праект з Беластокам