Распачатая крымінальная справа па махлярстве, з-за якога футбольны “Нёман” не далічыўся 900 мільёнаў рублёў

|

У злачынстве падазраюцца прадстаўнікі арганізацыі, 1984 і 1987 гадоў нараджэння, жыхары горада Гродна, якія ў перыяд з мая па жнівень 2014 года, злоўжываючы даверам службовых асоб футбольнага клуба, завалодалі таварам на агульную суму каля 900 мільёнаў рублёў, паведамляе Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь.

 

Зараз следчыя працягваюць вывучаць канфіскаваную дакументацыю аб фінансава-гаспадарчай дзейнасці таварыства, праводзяць допыты асоб, паказанні якіх маюць значэнне для высвятлення фактычных абставін здарэння. Сумесна з супрацоўнікамі міліцыі высвятляецца месцазнаходжанне падазраваных асоб.

 

Па месцы iх жыхарства праведзеныя ператрусы, канфіскаваны і прызнаны рэчавым доказам аўтамабіль аднаго з фігурантаў. У мэтах забеспячэння маёмасных спагнанняў і магчымай канфіскацыі іх маёмасьці высвятляецца маёмаснае становішча.

 

Вядома, што ў 2014 годзе гродзенская тытунёвая фабрыка выдзеліла ФК “Нёман” для рэалізацыі цыгарэты на суму два мільярды рублёў. Гэта было зроблена ў мэтах выканання ўказа прэзідэнта ад 3 лiстапада 2011 года №497, паводле якога прафесійныя спартыўныя клубы павінны паступова пераходзіць на поўную самаакупнасць.

 

Рэалізацыя прадукцыі павінна была дапамагчы клубу зарабіць, але на справе ўсё выйшла інакш. Клуб не далічыўся больш за 900 мільёнаў рублёў.