“Простыя словы, простыя рэчы”. Хлеб у печы без інтэрнэта не спячэш

Едучы да іх гэтым разам, напяваю сабе пад нос пра “хлеб на стале і полымя ў печы”. Настрой – прыўзнята-рамантычны з выразнай этна-афарбоўкай. Чакаю чароўных прыгодаў і адкрыццяў, бо спячы хлеб уласнаручна – гэта вам не ў краму збегаць.

 

“Панаехалі” па-гарадзенску: як дзве дзяўчыны кінулі горад, купілі дом у вёсцы і жывуць у згодзе з сабою

 

Лена з перасцярогай ставіцца да прадуктаў у краме: іх склад не заўсёды зразумелы. Альтэрнатыву магазінным прадуктам яна бачыць у самаробных. Зараз асвойвае выраб хатняга хлеба ў печы.

 

Яе папярэдні досвед выпечкі абмяжоўваецца торцікамі і пірагамі, прыгатаванымі ў школьным узросце пад маміным наглядам. Тады пяклі ў газавай духоўцы: у гарадской кватэры – “матчынай хаце” для большасці сучаснай беларускай моладзі – печы ўжо не было.

 

Бабуль, што маглі б перадаць досвед, таксама побач няма. Затое ёсць сеціва і практыка. Ні адна парада ці рэцепт не дадуць гарантыі выніку на 100%, і тое, што звычайна акрэсліваюць прапорцыі ці асаблівасці тэхналогіі “на вока”, мае глыбокі сэнс. Зараз Лена на ўласным досведзе ведае, што колькасць мукі ці час саспявання апары залежаць ад мноства чыннікаў, пачынаючы ад тэмпературы паветра і скончваючы самаадчуваннем.

 

Шкада, што даўней пекары не мелі магчымасці дзяліцца рэцэптамі праз сеціва, ці посціць у інстаграм фота хлеба ў печы. Лена расказвае, што менавіта з інтэрнэту даведваецца пра асаблівасці тэхналогіі і сакрэты ў выпяканні хлеба, ды і пра ўласныя знаходкі расказвае. З апошніх цікавостак, што ўдалося знайсці, ўзгадвае неабходнасць грэць муку перад замешваннем цеста.

 

Такім вось складаным і захапляючым шляхам уласных эксперыментаў, спроб і памылак прыходзіцца ісці да даўніх “простых рэчаў”.

 

 

 

Хлеб, што пячэ Лена, як і даўнішні, не ўтрымлівае “магазінных” дражджэй. Гатуецца ён на апары (заквасцы) з вады і мукі. У ёй захоўваецца душа хлеба – яе кожны раз перад выпяканнем дзеляць надвое – частка ідзе на цеста, а другая перыядычна “дакормліваецца” мукой, разводзіцца вадой і захоўваецца для наступнай выпечкі. Выспявае апара каля трох-пяці дзён, пасля можа захоўвацца ў больш халодным месцы.

 

Муку для хлеба дзяўчаты выкарыстоўваюць толькі жытнюю, ваду бяруць з калодзежа. Але эксперыментам і тут ёсць месца. Мы прыгатавалі хлеб, дзе для апары выкарыстаны настой шышак хмелю, сабранага ў суседнім лесе ўлетку.

 

Мука прасяваецца праз сіта, каб цеста было лягчэйшым. На гэтым этапе дадаюцца таксама смакавыя дадаткі: пялёсткі валошак, суквецці лебяды, меленыя карэнні дзьмухаўца, лясныя і мускатныя арэхі, семкі гарбуза… У выніку цеста робіцца падобным да палітры мастака – так яго расквецілі. Гатоваму цесту трэба пару гадзін пастаяць, каб падысці.

 

 

Тым часам пара паліць у печы, каб нагрэлася духоўка. Ды і цеста весялей падымецца ў цёплай хаце. Адмыслова складзеныя сухія паленцы загараюцца ад першай запалкі. Паветра гудзе у коміне, полымя ліжа дровы, чырвоныя водбліскі скачуць па пакоі – сядзець, пазіраючы на агонь можна доўга, і зусім не занудзішся. А за кубкам зёлкавай гарбаты і размовай час увогуле збягае незаўважна.

 

Калі цеста даходзіць да належнага выгляду – робіцца пульхным і заўважна павялічваецца ў памерах – да яго яшчэ раз трэба дадаць мукі. Бляха, на каторай будзе выпякацца хлеб, густа пасыпаецца мукой, і цеста раз за разам нібы загортвае муку ў сярэдзіну. Так трэба рабіць да тай пары, пакуль яно не пачне адставаць ад рук. У гэты час трэба быць вельмі ўважлівым, каб не насыпаць мукі замнога. Тады хлеб можа атрымацца цяжкім і не здолее добра прапячыся.

 

Сфармаваны з цеста шар высаджваецца на бляшаны процівень і ставіцца ў духоўку. На спод трэба паставіць міску з вадой, каб хлеб не падгарэў і не перасох.

 

Што адбываецца з хлебам у печы наступныя паўгадзіны, ніхто не ведае, бо ў гэты час адчыняць дзеры духоўкі нельга – непрапечанае цеста можа апасці і змарнаваць усю папярэднюю працу. Трэба ізноўку набрацца цярпення, ці заняць сябе іншай працай.

 

 

Хлебны пах ужо ўстойліва панаваў у хаце, калі боханы спякліся. Але есці іх усё роўна яшчэ было рана. Каб хлеб даспеў, патлумачыла Лена, яму трэба паляжаць яшчэ суткі загорнутым у льняны ці баваўняны ручнік. Тады з яго выйдзе лішняя вільгаць і смак стане больш выразным. А па-дзіцячаму абдзіраць са свежага хлеба гарачыя скарынкі дарослым ужо не варта, мяркуе Лена. Хай тое застанецца ва ўспамінах пра паходы ў крамы “Гарачы хлеб”.

 

За акном тым часам ужо цёмна – глыбокая вясковая цішыня дадаткам да цёплай хаты і паху хлебу спрыяе салодкім снам. А новы дзень падарыў да ранішняй кавы барвовы досвітак і акрайчык найсмачнейшага самаробнага хлеба. Простыя рэчы.

 

 

Фота аўтаркі і Лены Майсюк (першае фота артыкула)