Гродзенскае “Дынама” пачынае папулярызаваць стральбу ў ціры

|

У цiры ў 2008-2010 гадах правялі рэканструкцыю з мадэрнізацыяй агнявых рубяжоў. У агнявых залах на 50, 25 i 10 метраў для стральбы з малакалібернай і пнеўматычнай зброі ўстанавілі электроннае абсталяванне швейцарскай фірмы SIUS-ASCOR.

 

Зараз у цiры займаюцца выхаванцы Гродзенскай СДЮШАР БФСТ “Дынама”, а гэта 205 чалавек пад кіраўніцтвам шасці трэнераў. Увесь трэнерскі склад сам раней займаўся ў дынамаўскім цiры, а потым працягнуў працу ў ім. Сярод іх Алег Пiшчукевiч, заслужаны трэнер СССР (які выхаваў Канстанціна Лукашыка), майстры спорта міжнароднага класа СССР Віктар Крыніцкі і Валянціна Толкач.

 

Знакамітыя спартсмены, якія выйшлі з Гродзенскага ціру

 

Алімпійскія чэмпіёны: Ірына Шылава, Канстанцін Лукашык; чэмпіёны і прызёры Еўропы Анатоль Можджэр, Жанна Шапялевіч, Людміла Чабатар, Андрэй Казак; чэмпіёны і прызёры СССР: Уладзімір Шылаў, Мар’ян Аброшка, Юрый Півавараў, Віталь Цыдзік.

 

Таксама ў ціры трэніруюцца стралкі Гродзенскага абласнога комплекснага цэнтра алімпійскага рэзерву (былая ШВСМ), якія ўваходзяць у склад нацыянальнай і зборнай каманд Беларусі.

 

У вольны ад трэніровак час “Дынама” прадастаўляе свой цір у арэнду арганізацыям і насельніцтву для стральбы з пнеўматычнай зброі. Страляць можна як па папяровых, так і па электронных мішэнях. Дзякуючы апошнім вынікі стральбы адразу адлюстроўваюцца на экране.

 

 

Каб папулярызаваць гэты від спорту, было вырашана правесці першы ў Гродне турнір па кулявой стральбе з пнеўматычнай зброі сярод аматараў на прызы Гродзенскай абласной арганізацыйнай структуры “Дынама”. Турнір прысвечаны Міжнароднаму жаночаму дню. Любы чалавек можа зарэгістравацца, заплаціць стартавы ўнёсак 20 тысяч рублёў і прыняць удзел у дзвюх дысцыплінах – стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі і пісталета з адлегласці 10 метраў.

 

Тры тэставыя стрэлы неабходна будзе выканаць за дзве хвіліны, а 10 заліковых за пяць хвілін. Вынікі ў рэжыме анлайн будуць размяшчацца на экране праектара, а таксама на сайце “Дынама”. Пераможцаў чакаюць граматы і каштоўныя прызы. Cпаборніцтва плануецца зрабіць традыцыйным.

 

Пасля турніру цір будзе рэгулярна аказваць паслугі па стральбе з пнеўматычнай зброі. Кожны зможа трэніравацца і рыхтавацца да выступленняў у наступных турнірах.