“Пастаянна здзіўляюць кантрасты”. Люксембуржац Рон Солфа пра Гродна, Беларусь, беларускіх дзяўчат і іх мамаў
Рон працаваў у гарадзенскім ГА Цэнтр “Трэці Сэктар”. Займаўся фатаграфіяй, вёў курсы французскай мовы для сталых людзей, актыўна ўдзельнічаў у моўных сустрэчах “Tandem Evenings in Hrodna”, дапамагаў студэнтам Універсітэта Залатога Веку вучыць нямецкую мову, арганізаваў курсы медыя і фатаграфіі, стварыў блог, на якім дзяліўся сваімі ўражаннямі ад горада і Беларусі.
Ты год быў валанцёрам па праграме Еўрапейскай валанцёрскай службы. Што пасля гэтага часу для цябе азначае сама праграма, як і валанцёрства ў цэлым?
Для мяне гэта быў шанец паспрабаваць сябе ў напрамках, якія мне цікавыя і якімі я хачу займацца ў сваім жыцці. Я хацеў праверыць самога сябе, зразумець: мне гэта падабаецца ці не. Напрыклад, навучанне, фатаграфія, вядзенне медыя-курсаў. Дзякуючы гэтаму году я зразумеў, што мне цяжка выкладаць мовы і я не вельмі хачу гэта рабіць далей. Але ўсё астатняе мне вельмі спадабалася. Я даведаўся шмат новага і зразумеў, што нейкія рэчы я павінен рабіць па-іншаму, чым рабіў раней.
Акрамя гэтага, праграма ЕВС была магчымасцю паехаць у месца, у якім я яшчэ не быў і ў якое не так лёгка патрапіць.
Мне вельмі падабаецца і сама ідэя валанцёрства. Але зразумела, што чалавеку патрэбныя таксама грошы, каб жыць. Калі мы разглядаем валанцёрства не ў кантэксце грошаў, а ў цэлым – як дапамога другому чалавеку – мне вельмі падабаецца дапамагаць людзям і вучыць іх новым рэчам. Пасля майго вяртання ў Люксембург я б таксама хацеў гэтым займацца і думаю, што мне давядзецца працаваць часткова таксама ў валанцёрскім напрамку.
Год жыцця ты правёў у краіне, якая культурна не такая блізкая да роднага Люксембурга. Чаму ты навучыўся ад мясцовых?
Я стаў больш спакойным, расслабіўся. У маім месцы, калі табе нехта дапамаге, ты заўсёды падазраеш, што гэта не чыстая дапамога і ён робіць гэта таму, што чакае нешта атрымаць у абмен. Тут людзі больш шчырыя і адкрытыя.
З матэрыялістычнага пункту гледжання тут нашмат складаней, але ментальна беларусы больш чуйныя, чым люксембуржцы. У Люксембургу ў людзей шмат што ёсць, але яны пастаянна наракаюць і нешчаслівыя з любой нагоды, пастаянна ў стрэсе. У беларусаў шмат чаго няма, але яны ўмеюць сказаць: “Добра, можа мне гэта і не падабаецца, але я не магу гэтага змяніць, так што хай будзе так”. Мне гэта вельмі падабаецца.
Жабракі ў Заходняй Еўропе і Беларусі: колькі з іх патрабуе дапамогі, а колькі проста падманвае?
А чаму людзі тут маглі навучыцца ад цябе?
З песімістычнага пункту гледжання, я стараўся ім патлумачыць, што ў маёй краіне не ўсё так прыгожа, як ім здаецца. Я стараўся ім таксама дапамагчы зразумець што тое, што яны ўвогуле не наракаюць – таксама не вельмі добра. Калі нешта не працуе, трэба ўмець пра гэта сказаць. Мне здаецца, яны маглі бы навучыцца ад людзей з маёй краіны трошкі мэтанакіраванасці.
Твае стэрэатыпы пра Беларусь спраўдзіліся?
У мяне ніколі не было стэрэатыпаў пра Беларусь. Мне здаецца, у маёй краіне такая тэма не існуе. Людзі не ўяўляюць сябе, як можа выглядаць Беларусь, у іх няма нейкай канцэпцыі. Хаця, магчыма, нешта неўсвядомленае існуе. Хаця б мой бацька – калі я яму сказаў, што паеду ў Расію, ён адказаў, што мне ў гэтым не дапаможа, бо яму не падабаюцца расіяне. Калі я сказаў яму, што збіраюся ў Беларусь – ён сказаў: “Добра, туды можаш ехаць, там вельмі прыемныя людзі.” Я запытаўся, адкуль ён можа гэта ведаць і высветлілася, што ён глядзіць спорт і беларусы заўсёды паступаюць вельмі справядліва, таму ў яго склаўся вобраз беларусаў як прыемных і добрых людзей.
Я заўважыў, што тут людзі стараюцца рамантаваць старыя ці зламаныя рэчы. У нас такім займаюцца толькі дзеля хобі. Калі старая рэч зламалася – можна купіць новую. Тут рамантаваць нешта – гэта патрэба. Такога мне не хапае ў маёй краіне. Мне здаецца, там людзі нават не будуць ведаць, дзе можна знайсці месца, у якім можна нешта адрамантаваць. Тут у людзей больш самастойны падыход да шматлікіх рэчаў. І мне здаецца, што калі ў людзей столькі маленькіх праблем, яны не думаюць пра больш вялікія.
Беларусь – бедная краіна? Хутчэй, вынаходлівая. Меркаванне заходнееўрапейца
Табе падабаюцца беларускія дзяўчаты?
Яны больш сочаць за сабой, а таксама – што мяне здзівіла – яны больш адкрытыя да новых рэчаў і да развіцця, чым хлопцы. Накрыклад, яны часцей прыходзяць на розныя курсы. Мне падабаюцца беларускія дзяўчыны, але не магу зразумець беларускіх маці! Яны пастаянна кажуць, што ў іх ёсць дачка і я абавязкова павінен яе сустрэць! І яны так смешна прадстаўляюць яе – кажуць: яна мілая, прыемная, прыгожая. І нічога больш. А потым я сустракаюся з такой дзяўчынкай і ніхто з нас не разумее сітуацыі – чаго чакала маці і што павінна адбывацца.
Ты знайшоў у Гародні свае любімыя месцы?
Ад пачатку, калі я сюды прыехаў, нічога не змянілася – гэта Нёман. Я гуляю шмат па ўзбярэжжы – і з аднаго, і з другога боку ракі, каб мець лепшы від на стары горад. Мне падабаецца таксама замак і парк Пышкі.
Што тычыцца цэнтра – ён выглядае вельмі добра, – Савецкая, Ажэшкі – але не выглядае сапраўдна. Шмат чаго навокал выглядае па-іншаму.
Таксама жылыя будынкі выглядаюць вельмі дзіўна для мяне. У мяёй краіне пяць паверхаў – гэта самая вялікая колькасць. Але тутэйшыя – нашмат лепшыя. Яны старэйшыя, але больш прыгожыя, лепш аформленыя. І тут інфраструктура мне здаецца таксама лепшай. Заўсёды ёсць месца для гульні з дзецьмі і месца паміж будынкамі нашмат больш. У нас адзін будынак каля другога.
Беларусь – раздолле для банкаўскіх картак. Меркаванне заходнееўрапейца
Шмат хто кажа, што ў Гародні існуе спецыфічная атмасфера – ці ты гэта заўважаеш?
Калі глядзець на архітэктуру – яна нашмат больш сумная ў іншых гарадах, чым тут, у Гародні. Там няма чагосьці накшалт старога горада, усё больш стэрыльна. Гародня сваім духам не нагадвае мне ідэі Савецкага Саюзу, іншыя мясціны Беларусі – так. Гародня адрозніваецца значна.
Тое, што мяне тут пастаянна здзіўляе – гэта пастаянныя кантрасты, нішто не пасуе. Напрыклад, у рэстаранах – паміж абслугай і ежай. Ежа можа быць смачнай, сэрвіс не вельмі, або наадварот. Калі ты ідзеш у танны рэстаран, спадзяешся, што будзе танна і не вельмі добра. Атрымліваецца па іншаму – ты можаш пад’есці вельмі смачна.
А які патэнцыял горада?
Не так даўно я думаў пра масавы турызм у Гродне – ці будзе сапраўды добра, калі ён з’явіцца? Мне здаецца, што не. Калі ён прыйдзе, прыйдзе таксама шмат клопатаў.
Мне здаецца, што тут, у Гародні, ўсё выглядае нашмат лепш, чым у іншых гарадах, нават у Мінску. Хаця б дэкарацыі на Новы год. Людзі таксама іншыя, яны больш заходнія па выглядзе. Мне здаецца, што з беларускіх гарадоў, якія я бачыў, Гародня выглядае найлепш.
Мне здаецца, патэнцыял у людзях – яны больш стараюцца. У іх больш матывацыі, і яны больш клапоцяцца пра сваой горад – яны прыбіраюць шмат.
Што асаблівага ты знайшоў у беларускай культуры?
Трэба адрозніваць афіцыйную культуру і сучасную культуру. Тут культура нашмат больш афіцыйная, чым у нас. Напрыклад, тут шмат хто ходзіць у тэатр, нават маладыя людзі. Мне гэта нагадвае веды, якія мы павінны вывучаць з кніжак. Якая розніца – мы паглядзім адну і гэтую ж оперу ці не? Я ніколі не бачыў сэнсу ў такой падтрымцы народнай культуры, але можа гэта таму, што Люксембург вельмі падзелены.
Сучасная культура тут – яна заўсёды накіроўваецца ў бок афіцыйнай і таму не так добра заўважная. Мне здаецца, яна не вельмі крэатыўная. Я хадзіў на выставу шлюбнай фатаграфіі, ці нават на Belarus Press Photo і не сустрэў шмат новага – таксама шмат чаго звязана з традыцыяй. Для мяне гэта можа быць цікавым як для іншаземца, таму што ў мяне няма такога ў Люксембургу.
Тое, што мне вельмі падабаецца – гэта паштовыя маркі, афармленне пакетаў цукерак. Яны вельмі прыгожыя! У Люксембургу яны вельмі нудныя і таму беларускія я забяру з сабой на памяць.
Падчас свайго побыту тут ты навучаў мясцовых людзей мовам, але таксама сам вучыўся рускай мове. Можаш нешта сказаць на падсумаванне гэтага года на рускай мове?
“Спасібо, было очень інтересно”.