На Нёман і Вілію БелАЭС не паўплывае: намеснік міністра энергетыкі даў інтэрв’ю для Lietuvos Rytas
“Калі мы распрацоўвалі праект будаўніцтва Беларускай АЭС, мы яшчэ на пачатковым этапе прынялі неабходныя рашэнні, якія дазваляюць выключыць негатыўнае ўздзеянне на рэкі Вілія і Нёман. На станцыі будзе выкарыстоўвацца замкнёная сістэма ахалоджвання. Вада з Віліі будзе выкарыстоўвацца для першаснага запаўнення сістэм ахалоджвання, а пасля толькі для папаўнення страт ад выпарэння. Аб’ёмы адбору вады з Віліі ніяк не адаб’юцца на ўзроўні і водным балансе ракі “, – адзначыў Міхаіл Міхадзюк.
Паводле яго слоў, зліў у Вілію забруджанай радыёнуклідамі вады выключаны. Па-першае, сістэма астуджэння рэактараў з’яўляецца замкнёнай, і ўсе сцёкі пасля апрацоўкі вяртаюцца назад у гэтую сістэму. Па-другое, прадугледжаны ахоўныя бар’еры, якія перашкаджаюць трапленню радыенуклідаў у грунтовыя воды. Па-трэцяе, прадугледжана сістэма маніторынгу, якая дазваляе кантраляваць колькасць радыеактыўных рэчываў і, пры неабходнасці, праводзіць водаачыстку.
Адзіная вада, якая будзе адводзіцца ад Беларускай АЭС у Вілію, гэта лішкі ад ахаладжальных вежаў – градзірняў. “Гэта звычайная вада, якая бярэцца з Віліі і якая не мае кантакту з радыеактыўным контурам. Яе аб’ём будзе нязначным, і, натуральна, яе якасць будзе кантралявацца, каб не дапусціць забруджвання экасістэмы Віліі і Нёмана”, – растлумачыў Міхаіл Міхадзюк.
Такая тэхналогія астуджэння прымяняецца ва ўсім свеце, на ўсіх цеплавых і атамных станцыях, што працуюць па замкнёнай схеме водазабеспячэння з выкарыстаннем градзірняў.
“Па выніках ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) Беларускай АЭС прыняты дадатковыя меры, каб пазбегнуць цеплавога ўздзеяння вады, што адводзіцца з градзірняў, на Вілію. Дзеля таго мы прадугледзелі дадатковае збудаванне, якое дазваляе прывесці тэмпературу гэтай вады да натуральнай для адпаведнага часу года”, – дадаў Міхаіл Міхадзюк.