Вышыванкі і кайданы: у Гродне працуюць выставы народнага ткацтва і прыладаў катавання

|

Дзве кардынальна розныя па тэматыцы выставы працуюць з 4 сакавіка ў Музеі гісторыі рэлігіі. На адной з іх можна пабачыць тканыя вырабы канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя з усіх рэгіёнаў Беларусі, на другой – рэканструаваныя прылады катаванняў і пакаранняў Сярэднявечча і ранняга Новага часу.


У вялікай зале прадстаўлены вырабы народнага ткацтва, што некалі зніклі з ужытку беларусаў з прыходам ХХ стагоддзя. Праходзячы ўздоўж вітрын можна назіраць розныя прадметы, пачынаючы ад вясельных ручнікоў і заканчваючы святочнымі дыванамі. Большасць прадстаўленых рэчаў з Заходняй Беларусі, у асноўным Мінскай і Гродзенскай абласцей. Дадзеныя прадметы можна назваць ужо заходам беларускага ткацтва, бо большасць работ зроблена ў 20-50-х гадах XX стагоддзя, калі ва ўсе беларускія вёскі паступова пранікала сучасная цывілізацыя і замяняла народную культуру масавай.

 

Экспануюцца унікальныя, разнастайныя па дэкоры, каларыце і тэхніцы выканання вырабы з лёну – ручнікі, абрусы, посцілкі, дываны. Шырока прадстаўленыя хатнія прылады і інструменты для апрацоўкі ільну і атрымання ўзорыстых тканін: часалкі, цёрніца, трапло, прасніцы, верацёны, калаўроты. Асаблівая ўвага надаецца разгляду традыцыйных для тэрыторыі Беларусі тэхнік ткацтва, семантыкі арнамента і гісторыі старажытнейшых сімвалаў, захаваных у кампазіцыі старадаўніх ручнікоў і элементах касцюма, традыцыям выкарыстання узорыстых тканін і адзення ў святах і абрадах беларусаў.

 

Падрабязней пра выставу чытайце на сайце Музея гісторыі рэлігіі

 

На першым паверсе ў невялікім памяшканні каміннай залы можна ўбачыць якія прылады выкарыстоўвала інквізіцыя ў барацьбе з ерэтыкамі. Тут паказаны розныя маскі, якія нагадваюць дзікіх жывёл, крэслы з вялізнымі цвікамі, кайданы і іншыя прадметы, што выклікаюць жах і адначасова цікавасць.

 

У якасці пакаранняў інквізіцыя выкарыстоўвала: канфіскацыю маёмасці, нашэнне масак і адзення ганьбы, бічаванне, турэмнае зняволенне, епіціміі (чытанне псалмоў, малітваў, пост, рэгулярную споведзь, пілігрымкі ці адлучэнне ад царквы). Смяротных прыгавораў інквізіцыя не выносіла – царква не павінна праліваць кроў. Пакаранне ерэтыкоў смерцю было ўстаноўлена свецкім правам.

 

Падрабязней пра выставу чытайце на сайце Музея гісторыі рэлігіі

 


 

Абедзве экспазіцыі можна будзе ўбачыць да канца мая.