Чэмпіянат ужо хутка, а футбалісты “Нёмана” зноў прайграюць

|

У матчы з мазыранамі галоўны трэнер гарадзенцаў Сяргей Саладоўнікаў даў магчымасць праявіць сябе навабранцам: брамніку Жураву, а таксама абаронцу Дураю. У астатнім склад жоўта-зялёных выглядаў нязменным у параўнанні з мінулымі таварыскімі гульнямі.

 

“Нёман”: Жураў, Хвалько (Квенцар, 89), Сасноўскі (к), Пазняк, Анюкевіч, Дурай, Чухлей (Сарокін, 70), Кавалюк (Кавалёнак, 85), Сянкевіч (Лукашын, 85), Вяргейчык (Бомбель, 70), Канцавы.

 

Больш аднаго гала каманды за 90 хвілін сустрэчы не змаглі забіць. Адзіны мяч на 6-й хвіліне забіў гулец “Славіі” Катляроў. Пасля гульні трэнеры каманд адзначылі, што футбалісты правялі добры матч, дзе ніхто нікому не хацеў саступаць, але хуткі гол і вырашыў зыход сустрэчы.


“Славія” – “Нёман” – 1:0

 

Міжсезонне ўжо заканчваецца, а “Нёман” яшчэ ані разу не гуляў у Гродне. Гэтаму ёсць тлумачэнне: у зімовы і вясновы час камандзе ў родным горадзе няма дзе трэніравацца. Штучнае поле на ЦСК “Нёман” знаходзіцца ўжо не ў лепшым стане і гульцы, якія там трэніруюцца, рэгулярна атрымліваюць траўмы. З-за гэтага ў Гродне ніхто не хоча праводзiць таварыскiх сустрэч. Нават цяпер, калі глядзець на склад “Нёмана”, то немалая колькасць гульцоў знаходзіцца на траўмах.


Васiлючак і Бебе

 

Нядаўна галоўны трэнер “Нёмана” Сяргей Саладоўнікаў распавёў пра будучыню галкіпера клуба Уладзіслава Васiлючака, які ў гэтым годзе яшчэ не правёў ніводнай гульні за гарадзенскую каманду.


“Васiлючаку прапануем кантракт. Але справа ў тым, што яму трэба гуляць – гэта важна і для Улада, і для “маладзёжкі”. Шукаем варыянт арэнды: ні Васiлючаку, ні нам не трэба, каб ён знаходзіўся ў ролі другога ці трэцяга галкіпера”.

 

Таксама з’явілася верагоднасць таго, што камерунскі абаронца Бебе зможа вярнуцца ў Гродна. Пра гэта некалькі дзён таму паведаміў афіцыйны сайт “Нёмана”. Пры лепшым раскладзе Бебе прыляціць на наступным тыдні ў Беларусь, дзе пройдзе медабследаванне.

 

Нагадаем, 26-ы чэмпіянат Беларусі ў Вышэйшай Лізе стартуе 2 красавіка. У першым туры “Нёман” згуляе ў Гродне з “Гранітам”.


Фота: fcneman.by