З0 год мінула, а дух “Паходні” жывы: заснавальнікі першай у Гродне дэмакратычнай арганізацыі сустрэліся ў “Крызе”

|

“Паходня” ўзнiкла ў часы перабудовы. На паседжаннi клуба збiралася творчая iнтэлiгенцыя Гродна, каб праводзіць сустрэчы з гісторыкамі, пісьменнікамі, вучонымі, мастакамi, музыкамі. Уся дзейнасць пахаднянцаў была скiравана на адраджэнне беларускай культуры, гiсторыi, мовы i традыцый.

 

У пэўныя перыяды сваёй працы пахаднянцы ўдзельнічалі ў абароне архітэктурных помнікаў, экалагічнага асяроддзя, абмеркаванні розных законаў, якія прымаліся Вярхоўным Саветам.

 

Захаванне спадчыны, раскопкі, прыборка Гараднічанкі: узгадваем першыя гады “Паходні” з Міколам Тарандам

 

“Паходня” была першай дэмакратычнай арганiзацыяй у Гродне  i менавiта з яе шэрагаў выйшлi практычна ўсе тыя дзеячы, якiя цяпер у Гродне ўзначальваюць розныя арганізацыi, палiтычныя партыi i рухi.

 

 

У дзень юбілею ў “Крызе” сабраліся людзі, якія стаялі ля вытокаў “Паходнi”. Больш за дваццаць чалавек прыйшло на сустрэчу, арганізаваную заснавальнікам і старшынёй арганізацыі Міколам Тарандам. Усіх запрасіць не было магчымасці, бо месца ў галерэі не хапіла б. Ды і сустрэча была арганізавана за нейкіх 2-3 дні.

 

Мікола Таранда выступіў першы, як старшыня “Паходнi”

 

Узгадвалі былое старэйшыя сябры аб’яднання, якім зараз ужо за 85 гадоў – літаратар Аляксей Пяткевіч, кампазітар Яўген Петрашэвіч. Былі мастацтваведы Таццяна Маліноўская і Марына Загідуліна. Прыйшоў прадстаўнік аб’яднання літоўцаў Беларусі Альгідас Дзіргінчус, які не толькі наведваў паседжанні, але і здымаў некалькі імпрэзаў на відэа. Акрамя Міколы Таранды выступіў і яго калега, які ўдзельнічаў у стварэнні статута будучага клуба – Антон Пацэнка, а таксама сябра клуба Леанід Гівойна, які падкрэсліў значэнне “Паходні” для пазнейшага развіцця падзей не толькі ў Гродне, але і ў Беларусі ў цэлым.

 

Ідэю назвы “Паходня” ў свой час прапанаваў Аляксей Пяткевіч

 

З шэрагаў “Паходні” выйшлі дзясяткі кандыдатаў і дактароў навук, што адзначыў у сваім выступе прафесар Алесь Астроўскі.

 

 

Выступіў на сустрэчы і наймалодшы сябра “Паходні” Ігар Кузьмініч, які пачаў удзельнічаць у яе працы яшчэ ў школьныя гады. Ён падкрэсліў, што і зараз у яго найлепшымі сябрамі з’яўляюцца тыя, з кім пазнаёміліся ў “Паходні”. А дзеці і ўнукі трох прысутных пахаднянцаў зараз вучацца ў беларускіх класах у Гродне.

 

У часы перабудовы ў Беларусі было некалькі культурніцкіх грамадскіх арганізацый, але “Паходня” была самай першай афіцыйна зарэгістраванай – у 1986 годзе (у 1990, 2000 і ў 2006 гадах праходзіла перарэгістрацыю).

 

Сёння “Паходня” гэта людзі, якія дзейнічаюць у адпаведнасці з пунктамі напісаннага калісьці статута клуба, якія працуюць у розных грамадскіх аб’яднаннях на карысць развіцця беларускай гісторыі і культуры, мастацтва і літаратуры, пашырэння беларускай мовы, развіцця дэмакратычнай Беларусі.

 

Зараз развіццё нацыянальнай культуры Беларусі вярнулася да стану 80-х гадоў, але пахаднянцы перакананыя, што лепшыя часы яшчэ наступяць і адраджэнне адбудзецца. Наперадзе яшчэ будуць 35-я ці 40-я ўгодкі, якія на сустрэчы ў “Крызе” таксама абмеркавалі.