Дызайнеры з Гродна далі другі шанец старой вопратцы на абласным этапе “Мельницы моды”

|

Яшчэ ў снежні 2015 года ўдзельнікі прайшлі эскізны этап. Менавіта тады сярод 40 работ журы абрала 15 лепшых. Дызайнерам далі больш за тры месяцы, каб ўвасобіць свае задумкі ў рэальнасць. 16 сакавіка 11 аўтараў паказалі свае працы на сцэне каледжа.

 

 

Гродна стаў адным з апошніх і выніковых пунктаў, якія аб’ехалі члены журы.

 

 

Гарадзенцы нас парадавалі як у эскізным туры, так і ў туры ўвасаблення. Акрамя фальклорных прац мы ўбачылі і больш складаныя і цікавыя. Таксама варта адзначыць, што па працах відаць, як уплывае база адукацыі. Зразумела, узровень універсітэта нашмат вышэй каледжа, бо там адукацыя больш сур’ёзная“, – расказала мастацкая кіраўнічка рэспубліканскага конкурсу моды і фота “Мельница моды” Святлана Гнядзёнак.

 

Таксама член журы адзначыла, што Гродна адрозніваецца ад іншых рэгіёнаў як правіла жаночымі калекцыямі, а таксама шматлікай ручной працай, што ўласна і ацэньваецца пры выбары калекцый. Адбіраліся ў першую чаргу працы, якія былі падтрыманы якой-небудзь ідэяй і творчым патэнцыялам.

 

 

Першакурсніцы каледжа тэхнікі, тэхналогіі і дызайну Таццяна Каліневіч і Вольга Браўн удзельнічалі ў такім конкурсе ўпершыню. Дзяўчыны ўдала прайшлі эскізны этап, але пад час падрыхтоўкі да другога этапу ўзніклі цяжкасці з выкананнем і студэнткі не думалі, што здолеюць скончыць сваю працу.

 

Яшчэ адна дзяўчына, якая з намi рабiла калекцыю, трапіла ў бальніцу. У апошні момант за нас узяліся выкладчыкі і сказалі даводзіць пачатае да канца. За некалькі дзён атрымалася зрабіць сур’ёзную працу, якая прынесла вынік.


Калекцыя наша незвычайная, яна зроблена з другаснай сыравіны. На сённяшні дзень у свеце выпускаецца шмат адзення і пра старое, забытае ў шафах, людзі ўсё менш успамінаюць. Менавіта з такіх забытых рэчаў мы і зрабілі нашу калекцыю. Галоўны ўпор быў на эпоху хіпі. Мода вяртаецца, клёшы і махры хутка зноў будуць у трэндзе”, – адзначала Таццяна.

 

 

Варта адзначыць, што дзяўчыны прадставілі адзіную ў гарадзенскім этапе калекцыю, якую можна насіць кожны дзень.

 

 

Як члены журы, так і выкладчыкі, адзначаюць, што маладым дызайнерам трэба прарывацца, паказваць свой аўтарскі штрых і заяўляць пра сябе часцей. Працы, якія выбралі ў Гродне, павінны будуць прайсці важны этап – фотасесію. Там усе адабраныя дызайнеры павінны паўдзельнічаць у гатовым варыянце. Па каталогу, які зробяць з фатаграфій, будуць адбіраць удзельнікаў фінальнага этапу ў Мінску, які адбудзецца 12 і 13 мая ў Палацы Рэспублікі.

 

Пашанцавала на конкурсе не ўсім. Напрыклад, Ганна Гіруць і Святлана Гойла патрацілі на сваю калекцыю нямала грошай, але журы яе не ацаніла.

 

 

Мы прадстаўлялі каледж бытавога абслугоўвання. Натхніў нас на калекцыю вобраз Нікі Мінаж. Мы працавалі каля трох месяцаў, і спачатку ў нас паўстала праблема, бо доўга ішла тканіна. Мы яе замаўлялі з Германіі, абышлася яна нам у круглую суму. Але нас не ацанілі”. Дзяўчыны не бядуюць, бо галоўнае для іх не перамога, а ўдзел. Перамогі яшчэ наперадзе, упэўненыя дзяўчыны.

 

Акрамя студэнтаў і навучэнцаў на конкурсе свае працы прадстаўлялі выкладчыкі і вопытныя дызайнеры. З 11 прадстаўленых калекцый выбралі 10. Калі яны пройдуць фотасесію, то паедуць на фінал конкурсу ў Мінск, дзе іх ацэніць міжнароднае журы.

 

 


 

Фота: Ірына Новік