У старым будынку ў цэнтры Гродна ў час рэканструкцыі абрынуўся фасад

|

У канцы 2015 года пасля даследаванняў спецыялісты “Гроднажылбуда” (падрадчыка) прыйшлі да высновы, што стары будынак у цэнтры горада ў аварыйным стане і калі чакаць далей, то пабудову можна страціць цалкам. У выніку было вырашана, што ад дома канца XIX стагоддзя пакінуць толькі фасад.

 

Рэшткі будынка ўмацавалі адмысловымі апорамі. Будаўнікі былі ўпэўненыя, што галоўны фасад вытрымае ўласную вагу. Але ў аўторак, 15 сакавiка, сцяна над дзвярным праёмам па цэнтры фасада абрынулася.

 

Раней галоўны інжынер арганізацыі-заказчыка “Нёманбудiнвест” Алег Каляцiнскi, запэўніваў “Твой стыль”, што “Гроднажылбуд” зробіць усё магчымае, каб захаваць будынак. Але ён таксама адзначыў, што фасад мае вельмі дрэнны падмурак, які яны плануюць умацаваць. Відаць, не паспелі. Зараз будаўнікі запэўніваюць, што далейшае разбурэнне будынка не прадугледжана.

 


Пётр Пятровіч, жыхар дома насупраць, упэўнены, што сцяна сама не магла ўпасці. Сталы чалавек штодня назіраў за рэканструкцыяй і бачыў, што частка, якая абвалілася, ніяк не была ўмацавана.

 

 

Само нічога не магло ўпасці, яны яе спецыяльна не ўмацавалі, бо там ужо абараняць не было чаго. Наогул, трэба было раней рэканструяваць. Цяпер трэба вінаваціць ужо не будаўнікоў, а ўлады, якія загубілі цэнтр горада“.

 

Здарэнне таксама пракаментаваў гісторык Мечыслаў Супрон:

 

Інцыдэнт з абрушэннем – яскравы прыклад непрафесіяналізму той арганізацыі, якая ўзялася рэканструяваць будынак. Працы па аднаўленню і рэстаўрацыі падобных будынкаў, якія ўключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, павінны весціся выключна спецыялістамі-рэстаўратарамі. Людзей гэтай прафесіі ў нашай краіне практычна няма. Апроч усяго, вінаваціць трэба гарадскія ўлады, якія давялі гістарычны будынак да крытычнага стану“.

 

Планавалася скончыць фасад будынка да Фестывалю нацыянальных культур, які пройдзе ў пачатку лета, але, мабыць, працы працягнуцца яшчэ доўга. Паводле пашпарту аб’екта, здача прадугледжана на 2017 год.