Сакавік набраў моц: на Гарадзеншчыне пачалася нарыхтоўка бярозавіку
align=”” width=”725″ height=”483″ >
За 20 кіламетраў ад Гродна па Індурскай шашы пачынаюцца тэрыторыі вопытна-доследнага лясніцтва
Механізацыі няма, затое паветра свежае
На ўскрайку лесу бліз дарогі – вогнішча, побач – будан, крыты цыратаю, і нарыхтаваныя на паліва дровы. Так выглядае “офіс” брыгады нарыхтоўкі.
Сяргей (па левай) і Аляксандр Антановічы працуюць на нарыхтоўцы бярозавіку штогод. У мінулым годзе іх брыгада стала лепшай у Гродзенскім раёне
Сяргей і Аляксандр Антановічы, працаўнікі нарыхтоўчай брыгады, якая тут абсталявалася, распавялі, што рыхтаваць дзялянку пад збор бярозавіку пачалі яшчэ ад 10 сакавіка, а дрэвы “прачнуліся” пару дзён таму. Зараз праз рэдкі без лістоты лес відаць замацаваныя на дрэвах поліэтыленавыя мяхі – збор бярозаавіку ідзе ў такую тару. Сяргей Антановіч кажа, што на іх дзялянцы зараз усталявана каля тысячы мяхоў.
На дзялянцы брыгады падсочана каля тысячы дрэваў. Мяхі пад нарыхтоўку соку трэба мяняць не радзей, чым раз на два дні, каб бярозавік не сапсаваўся
Колькасць соку розніцца ад дрэва да дрэва. Са словаў нарыхтоўшчыка, інтэнсіўнасць сачэння залежыць ад цэлага шэрагу чыннікаў – складу глебы, блізкасці каранёў да грунтовых вод і нават ад размяшчэння бяроз. “Там дзе пагоркі, дрэвы яшчэ не прачнуліся, а тут, у нізінцы, ужо добра сочаць”.
Інтэнсіўнасць сачэння залежыць ад многіх чыннікаў – складу глебы, блізкасці каранёў да грунтовых вод і размяшчэння дрэваў
Брыгады нарыхтоўшчыкаў набіраюць у лясгасах на сезонную працу, адмыслова пад збор соку. Для многіх мясцовых жыхароў гэта добрая магчымасць дадатковага заробку. Сяргей з братам Аляксандрам працуюць на нарыхтоўцы штогод і кажуць, што такая работа ім падабаецца: “Іншыя самі грошы плацяць, каб пабыць на прыродзе, чыстым паветрам падыхаць, а мы тут два-тры тыдні ад цямна да цямна на поўныя грудзі дыхаем”. Калі ж пакінуць жарты, то мужчыны распавядаюць, што праца фізічна цяжкая, і магчымасцяў яе механізаваць няма. Мяхі для соку трэба мяняць не радзей, чым раз на два дні, каб бярозавік не закіс, дзялянка вялікая, да дрэваў на машыне не пад’едзеш, паўсюль трэба хадзіць пешшу і насіць мяхі на плячах.
Нарыхтоўка соку – цяжкая фізічная праца без магчымасці механізацыі. Насіць мяхі да дарогі прыходзіцца на плячах
“Сёння ранкам ужо прыязджала машына з АВС, загрузілі шэсць тон бярозавіку, хутка другі рэйс чакаем, трэба хадзіць па лесе, збіраць мяхі, насіць сюды, да дарогі”. Ды і уважлівым трэба быць у лесе – як мінімум, сачыць, каб якой галінай па вачах не шмарганула.
Суворы мужчынскі побыт
Працуюць нарыхтоўшчыкі ад шостай раніцы да дзявятай вечару. Тут і абед сабе гатуюць, наўпрост на вогнішчы, бо не паеўшы і мяхі не пацягаеш. “Маем патэльню, рондаль – такі тут суворы мужчынскі побыт”. Да агню падыходзяць і пагрэцца, бо надвор’е пакуль цяплом не балуе. “Зараз, – кажа Сяргей, – запарылі сабе гарбату – лясную, вясновую – на бярозавіку з шыпшынай”. На пытанне, ці не сумна ў лесе без тэлевізара і інтэрнэта, толькі смяюцца – працы шмат, няма жадання дарма час марнаваць. А цікавыя рэчы адбываюцца не толькі ў інтэрнэце. Сёння, кажуць, зайца паднялі – акурат пад ногі шэры выскачыў – такога ў сеціве не пабачыш.
Так упарадкаваны суворы мужчынскі побыт
Пра сакрэты паспяховасці сваёй працы мужчыны кажуць проста: трэба ўставаць рана, класціся позна, а між тым увесь час працаваць. У мінулым годзе такі просты рэцэпт дазволіў іх брыгадзе стаць лепшай у раёне і адной з лепшых у вобласці.
Збіраць сок трэба так, каб не зашкодзіць дрэвам
На пытанне, ці не шкодзіць збор соку ў прамысловых масштабах дрэвам, адказаў Аляксей Гарохаў, начальнік аддзела лясной гаспадаркі і лесааднаўлення Гродзенскага лясгаса. З яго словаў, падсочку робяць толькі на тых дрэвах, што запланаваныя пад высечку на бліжэйшыя пяць гадоў. Іх намячае служба лесаўпарадкавання. Самастойна ж выбіраць дрэвы для збору бярозавіку нельга. Асабліва гэта тычыцца тых бяроз, што знаходзяцца вакол садовых таварыстваў. Лясы вакол паселішчаў адносяцца да ахоўных зонаў, там падсочка ўвогуле забаронена, а парушэнне можа быць пакарана штрафам да 20 базавых велічынь (4,2 млн руб.).
Падсочку можна рабіць толькі на дрэвах, што адабраны пад высечку цягам бліжэйшых пяці гадоў. Самастойна выбіраць бярозы пад нарыхтоўку соку забаронена
Кожны ахвотны можа набыць сок у лясніцтве, сёлета яго кошт складае 1,5 тысячы рублёў за літр. Калі ж хто хоча заняцца нарыхтоўкай бярозавіку самастойна, то трэба таксама звярнуцца ў лясніцтва – у Гродзенскім раёне для такой нарыхтоўкі адведзены асобныя дзялянкі. А спецыялісты лясгаса раскажуць, як зрабіць падсочку правільна.
Карысна для хворых і не зашкодзіць здаровым
Пра карысць бярозавіку распавёў Анатоль Клімко, ляснічы вопытна-доследнага Індурскага лясніцтва. Гэта гаспадарка адна з першых у краіне пачала прамысловую нарыхтоўку бярозавіку яшчэ ў 60-х гадах, таму зараз Анатоль многае ведае пра бярозавік з уласнага досведу. “Бярозавік асабліва карысны для тых, хто мае праблемы з ныркамі ці вантробай, ён дапамагае выводзць з арганізма шкодныя рэчывы”. Са словаў лесніка, у іх ёсць нават сталыя кліенты, якія штогод купляюць сок у лясніцтве для падтрымання здароўя. Таксама карыстаецца попытам бярозавік у аматараў лазні – прыродны напой добра пасуе да гарачых працэдур.
Прыродны напой прыносіць карысць і хворым, і здаровым, асабліва калі піць яго адразу ў час збору
Для сябе Анатоль нарыхтоўвае з бярозавіку квас. Паводле яго рэцэпта, у сок трэба дадаць падсушаны па патэльні ячмень і пакінуць у прахалодным месцы. Праз месяц-паўтара квас будзе гатовы і захаваецца без лішніх кансервантаў надоўга.
На густ Аляксея Гарохава бярозавы квас добра гатаваць і з разынкамі. Іх для прыгатавання напою не трэба мыць, бо на паверхні сушанага вінаграду утрымліваюцца натуральныя дрожджы. Цукар ці кіслату паводле такога рэцэпту дадаваць не трэба. А яшчэ Аляксей распавёў, што нядаўна адшукаў у сеціве рэцэпт супа на бярозавіку з нацыянальнай беларускай кухні, і сёлета збіраецца паспрабаваць прыгатаваць такую страву.
У беларускай кухні ёсць рэцэпты халодных і гарачых супоў на бярозавым квасе. Гарачыя гатуюць з мясам і глыбамі, а халаднікі – з буракамі, свежымі гуркамі і варанымі яйкамі
Фота аўтаркі