Канец сезону: “Нёман” не здолеў абыграць “Юнацтва” ў вырашальным матчы паўфіналу

|

Чырвона-чорныя ехалі ў Мінск за перамогай. “Нёман” на працягу матчу гуляў добра і практычна не саступаў “Юнацтву”. Гаспадары першымі здолелі вызначыцца на 6-й хвіліне, але ўжо бліжэй да канцоўкі першага перыяду гарадзенцы завалодалі ініцыятывай і зраўнялі лік. Да канца дваццаціхвілінкі хакеісты “Нёмана” маглі і выйсці наперад, але яны ў чарговы раз не скарысталіся сваімі шанцамі.

 

У другім перыядзе шайбай адзначыліся толькі гаспадары. Толькі ў канцоўцы трэцяга перыяду, дзякуючы дакладнаму дабіванню Даніэля Сэмана, гарадзенцы зраўнялі лiк і дацягнулі да авертайма. Там камандам атрымалася згуляць 11 хвілін, а менавіта да таго моманту, калі Яфіменка далёкім кідком патрапіў у вароты Саманькова. Пасля шайбы прагучаў свісток аб заканчэнні матчу. Такім чынам “Юнацтва” выбіла “Нёман” з розыгрышу Кубка.

 


“Юнацтва” – “Нёман” 3:2 (АТ) (1:1, 1:0, 0:1, 1:0)

 

Галы:

05.02 1:0 – Сачыўка (Шафарэнка, Абакунчык)
15.14 1:1 – Баярчук (Ягораў, Багалейша)
26.18 2:1 – Елісеенка
55.12 2:2 – Сэман (Лакканен, Пульвер)
70.21 3:2 – Яфіменка (Хенкель, Чэрны)


Вынік серыі (да 4-х перамог): “Юнацтва” – “Нёман” 4:1

 

Каментар Мілаша Голаня пасля паразы і вылету з Кубка:


“Хачу павіншаваць “Юнацтва” з перамогай у серыі. Добрая серыя, па-мойму, хакейная, барацьба да апошняй хвіліны. Няма прэтэнзій да хлопцаў, усе паказвалі ўсё, што маюць, змагаліся да канца. З пачатку паўфіналу гулялі на мяжы сваіх магчымасцяў. Зразумела, не хапала майстэрства, у некаторых момантах не хапала якасных гульцоў. Не хапала капітана і лепшага абаронцы Коршунава, Лісічкіна страцілі.


Хачу падзякаваць спонсарам, кіраўніцтву, гульцам і адміністратарам за сезон. З майго пункту гледжання, добры сезон. Пачатак быў вельмі цяжкім, змянілася шмат гульцоў, трэнерскі штаб, шмат траўмаў. Мы паказалі максімум.


Перад авертаймам казаў, што любы кідок можа прайсці ў вароты, так атрымалася, што гэта ўдалося суперніку, на жаль для нас. Хакеісты малайцы, адпрацавалі 60 хвілін, забілі, як хацелі. Папярэджваў, што можам закінуць нават на 60-й хвіліне і каб хакеісты выкінулі гэта з галавы. Потым маглі забіць у большасці ў авертайме.


Прапушчаная шайба ў авертайме? Не хачу крытыкаваць брамніка пасля матчу. Проста быў добры кідок Яфіменкі. Хачу паглядзець на відэа, хоць што цяпер ужо зменіш? Саманькоў цягнуў нас увесь сезон, і прэтэнзій да яго няма.


Мая будучыня? У мяне ёсць кантракт на наступны сезон, зараз будзем разбірацца і вырашаць”.