У цэнтры Гродна пачалі гандляваць вербачкамі: цэны ад 10 да 100 тысяч

|

За некалькі дзён да Вербнай нядзелі гарадзенскія гандляры занялі самыя папулярныя месцы ў горадзе, размясціўшыся як на цэнтральных вуліцах, так і каля буйных крам і рынкаў. Цэны, у параўнанні з папярэднім годам, практычна не змяніліся.

 

У гэтым годзе Наталля спляла 70 вербаў і прадае іх па леташнім кошце 10 і 15 тысяч. Жанчына распавядае, што гандляваць стала больш складана: куды не станеш – усюды пачынаюць ганяць.

 

 

Многія цяпер проста знаёмяцца з цэнамі, а купяць у суботу ці нядзелю”, – кажа жанчына.

 

Працэс вырабу пучка працаёмкі. На самую звычайную вярбу ідзе 5-7 хвілін вязання. Калі паскладаней, то да 20 хвілін.


“Для мяне гэта сезонны бізнес, на якім крыху можна зарабіць. Гэта як хобі, якое доўжыцца на працягу пяці гадоў. Рабіла ўсё сама – спачатку схадзіла ў лес, там нарвала галінак і рознай зеляніны. Кветачкі вырошчвала на працягу года, а потым усё вязала тры тыдні. На каталіцкую Вербніцу пучкі будуць менш распушчаныя, а вось на праваслаўную ўжо з’явяцца кветачкі. Вербы мае стаяць цэлы год, яны на гэта і разлічаны“.

 

 

Калі ля крамаў прадаюць вербы па нізкай цане, то на Савецкай, дзе сёння працуе адмысловы пасхальны кірмаш, можна знайсці вербы за 50 i нават 100 тысяч. На іх выраб сыходзіць больш за дзве гадзіны часу.

 


“Ой, мы ўжо прадаем даўно”, – кажа адна з сясцёр Сарасек – самых знакамітых гарадзенскіх майстрых, што займаюцца вербамі. Іхныя працы нават уключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. “У нас вербачкi на любы густ, нават дрэва спецыяльнае ёсць. У гэтай справе галоўнае паспець усё вырасціць, бо падрыхтоўка займае вельмі шмат часу. Калі дзесьці не паспець, то можна страціць увесь ураджай”, – кветкі і зёлкі для сваіх вербаў сёстры вырошчваюць самастойна.


“Летась была засуха, то вербаў менш. Звычайна “пальмы” разлічаны на год, але нашы могуць прастаяць і цэлых пяць”, – распавяла пенсіянерка.

 

 

Шмат гандляроў з’явілася каля рынкаў. Ля Цэнтральнага рынку, насупраць аўтавакзала, вербачкі прадаюць па 10 і 20 тысяч.

 

 

Па даўніх традыцыях, у Вербную нядзелю найстарэйшы чалец сям’і павінен вербачкай па спіне хвастануць кожнага ў хаце, а пасля пакласці яе за абраз. Гэта мае даць здароўя на ўвесь год.