Стваральнік Masquerade Яўгень Неўгень у гарадзенскім ліцэі: “прагульваў заняткі”, але быў “малайцом”

Гарадзенец Яўген Неўгень апынуўся адным са стваральнікаў праграмы, якая дазваляе кожнаму прымерыць маску Жалезнага чалавека або сталінскія вусы. Праграма аказалася настолькі ўдалай, што яе выкупіў не абы хто, а сам Facebook.

 

Зараз уся беларуская каманда запрошаная для працы ў офіс кампаніі ў Лондане, а праграма з “маскарадам” распаўсюджваецца вірусным метадам па ўсім свеце.

 

Свае першыя старты Яўген браў у гарадзенскім ліцэі №1 на БЛК, калі вучыўся там у 2008-2009 гг. Першы сайт школы створаны, дарэчы, менавіта ім. Але якім яго запомнілі выкладчыкі?

 


Камп’ютары – яго шлях

 

– Калі Жэня паступіў да нас ў ліцэй, ён ужо быў выбітным хлопцам, – распавядае настаўніца інфарматыкі Святлана Ягоўдзік. – Ён акурат атрымаў першае месца на рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Ён наогул заўжды ва ўсіх конкурсах удзельнічаў, датычных інфарматыкі.

 

Святлана Ягоўдзік, настаўніца інфарматыкі

 

Святлана Канстанцінаўна дадае, што ўсім камп’ютарным навукам Яўген паралельна вучыў брата Віталя, які паступіў у ліцэй пазней.

 

– Па інфарматыцы ён усё ведаў, таму праблем з ім не было, – падсумоўвае спадарыня Святлана. – Гэта была ягоная сцязя, таму ён быў адным з лепшых.

 

Дарэчы, услед за братам, які падарыў ліцэю сайт, ягоны малодшы брат рабіў пра “альма матэр” агітацыйныя мульцікі.

 

Яўген Неўгень у фільме пра ліцэй

 

Кабінет інфарматыкі

 


“М” – Маладзец

 

– Ну што я магу пра яго сказаць? – эмацыйна тлумачыць выкладчыца фізікі Марына Купрэева. – Прагульваў заняткі, слаба вучыўся! Вось так…

 

А вось выкладчык астраноміі Алесь Госцеў мае іншае меркаванне. Педагог доўга ўзгадваў Неўгеня-старэйшага, пакуль не вырашыў парыцца ў паперах, адкуль выцягнуў спіс 11-га фізіка-матэматычнага класа з прозвішчамі навучэнцаў. Насупраць Яўгена Неўгеня стаіць таямнічая пазнака “м”.

 

Настаўнік астраноміі Алесь Госцеў і яго нататкі

 

– Я ім у гэтым спісе плюсікі ставіў, пазначкі розныя дробныя, – згадвае Алесь Пятровіч, – але пазнака “м” стаіць толькі ў яго. Гэта значыць “маладзец”!


“Ці варта пра гэта пісаць?..”

 

Абсалютна нечакана сустракаем на лесвічным пралёце ліцэя… Віталя Неўгеня. Хлопец здзіўлены і пэўны час не верыць, што мы натрапілі на яго выпадкова. Аб падрабязнасцях навучання старэйшага брата ў ліцэі асабліва распавядаць не спяшаецца…

 

Віталь Неўгень

 

– Мы паабяцалі адно аднаму, што не будзем даваць інтэрв’ю пра асабістыя рэчы, – тлумачыць Віталь, – зараз усе хочуць з гэтай нагоды засвяціцца, займець нейкія балы… Так, вучыўся, часам прагульваў, але ці варта пра гэта пісаць?..

 

На пытанне пра імаверны візіт брата ці сустрэчу з ліцэістамі Віталь толькі ўсміхаецца: часу няма, маўляў, усё распісана да хвіліны. Якія тут візіты?

 

Тым не менш, ліцэю сёлета спаўняецца 20 год. Прынамсі, запрасіць свайго выпускніка, які стаў знакамітасцю, на юбілейныя ўрачыстасці, для ўстановы было б моцным крокам.

 

 

Фота: Ян Лялевіч