“У Беластоку не дзіва сустрэць лекара з Гродна”. Гарадзенцы ўсё часцей едуць працаваць у Польшу
Знешне ў будзённыя дні на памежным пераходзе ў Брузгах нешматлюдна, не відаць вялікіх чэргаў аўто. Праўда, як зазвычай, стаяць нейкія машыны, ходзяць пенсіянеры і чакаюць, каб хто перавёз праз мяжу.
Па-ранейшаму, нягледзячы на розныя забароны, пенсіянеры дарабляюць такімі паездкамі да невялікай пенсіі. Некаторыя жанчыны, нават старэйшага веку, едуць праз мяжу на роварах. Патрэба, як мне тлумачыць спадарыня Вера, ранейшая: пенсія малая, цэны высокія, а ў вёсцы таксама цяжка выжыць.
— Пакуль магу, то яшчэ езджу. Канечне, вялікіх грошай не зарабляю, і кожны дзень не паедзеш, бо мытнікі беларускія чапляюцца, глядзяць пашпарт, і цяпер амаль нічога нельга везці. Але свае дзве пачкі цыгарэт правожу і літар гарэлкі таннай з шопа, там прадаю — і так паціху да пенсіі дадаецца. А адтуль прывожу і сырок, і рыбку, во на свята патроху пачынаю нейкія падарункі ўнукам купляць. Ведаеце, там надалей харчы таннейшыя, чым у нас. Праўда, колькі я там магу прывезці на ровары. Хацела б у хаце сядзець, але вось мушу браць ровар — і ў дарогу…
Спадар Аляксандр другі месяц працуе ў польскай прыватнай фірме шафёрам на TIRы, ездзіць па Еўропе. Распавядае, што апошнім часам палёгкі ў польскім заканадаўстве адносна ўладкавання замежнікаў на працу паспрыялі таму, што спачатку ягоныя сябры знайшлі працу, а потым дапамаглі ўладкавацца і яму. Да ўсяго, яму вельмі дапамагла “карта паляка”. Гэта, паводле яго, працадаўцамі вітаецца, ды і від на жыхарства можна атрымаць без праблем.
— Нас у прыватнай фірме працуе 16 кіроўцаў, і 9 з іх — беларусы. Яшчэ тры ўкраінцы ёсць, але наш гаспадар чамусці заўсёды перавагу аддае беларусам. Мяне прапанаваў сябра, я толькі адразу прайшоў медкамісію, а астатнія дакументы фірма сама рабіла. Маю ўсе неабходныя дазволы на працу. Два тыдні езджу і тыдзень маю вольны. Калі вяртаюся з рэйса, то жыву разам з сябрамі ў катэджы гаспадара, у нашым пакоі два чалавекі. Ёсць лазенка, кухня, посуд, і за гэта гаспадар грошай не бярэ. Праўда, і бываеш там мала, хіба толькі пераначаваць. Мне адразу за першы месяц працы далі заробак тысячу еўра. Праўда, яны даюцца нялёгка, але ў нас наогул нічога цяпер не заробіш.
Вуліца Антонюк Фабрычны з царквой Святога Духа ў Беластоку
Гарадзенец Алесь два месяцы адпрацаваў ужо ў Польшчы на будоўлі. Кажа, што раней пастаянна працаваў у Расіі, але потым і там перасталі плаціць, а тут знаёмыя прапанавалі паехаць у Польшчу.
— Канечне, я цяпер ні ў Расіі, ні ў Беларусі такіх грошай не зараблю. Мы працуем адной брыгадай, будуем жылыя дамы ў Паморскім ваяводстве. Нам нават білет на праезд аплочваюць. Умовы працы нармальныя і стаўленне палякаў добрае, яшчэ ніхто ні разу заробак не затрымаў і не падмануў. Толькі вось рэдка ў хаце бываю, а тут двое дзяцей гадуюцца, жонцы цяжка, і не ведаю, што рабіць далей. А жонка ў Польшчу пераязджаць не пагаджаецца, бо ў яе ўся радня тут жыве.
У цэнтры Беластока
Алена і Пётра ўжо дзевяць гадоў жывуць у Беластоку. Яны ўжо некалькі гадоў як атрымалі польскае грамадзянства. Алена працуе ў Падляшскай оперы і вельмі задаволеная працай. Ёй цікава, бо праца творчая. А ў калектыве, да таго ж, яшчэ працуюць чатыры беларусы з розных гарадоў. Ейны муж, Пётра, працуе ў Аўстрыі, ён кіроўца TIRа і ездзіць па ўсёй Еўропе.
— Мужу было цяжэй працу знайсці, каб больш-менш добрыя грошы атрымліваць, бо ў нас двое дзетак і расходы немалыя. Дык ён зрабіў, як іншыя палякі — паехаў шукаць працу на Захад і ўладкаваўся. Канечне, дома бывае не часта, затое добра зарабляе. А ў Беластоку ўладкаваў двух сваіх аднакласнікаў, яны таксама на TIRах ездзяць. Ведаеце, у Беластоку ўжо не здзіўляешся, калі сустрэнеш лекара ў шпіталі з Гродна, ці ў краме прадавачку, з якой у адной школе вучыліся. Многія цяпер бягуць сюды. Тут яшчэ можна працу знайсці. Найцяжэй з жыллём, бо гэта каштуе нятанна.
Магістраль A4 у Польшчы
Яшчэ адзін суразмоўца — Віталь. Ён летась скончыў Беластоцкую палітэхніку, дызайнер. Мае “карту паляка”, пасля ўніверсітэта прыехаў у Беларусь, думаў знайсці працу, але нават бацькі сказалі, каб вяртаўся ў Польшчу, бо тут нічога не атрымаецца.
Віталь распавядае, што ў Варшаве разам з былымі двума аднакурснікамі знялі кватэру і пачалі шукаць працу.
— Мне добра, што я працаваць магу ў хаце, бо галоўны інструмент — камп’ютар. Зараз з сябрамі займаемся падрыхтоўкай рэкламнай прадукцыі для варшаўскіх кінатэатраў, дарабляем яшчэ ў розных фірмах. На жыццё пакуль хапае, планую атрымаць грамадзянства і праз некаторы час думаю паехаць папрацаваць у Лондан, мяне мой аднакурснік запрашае. Жыць у Варшаве цікава, столькі розных культурных падзей адбываецца, не тое, што ў Гродне. Дый на свет тут глядзіш па-іншаму. А ў Беларусі за што ні вазміся, то ўсё забаронена, і паспрабуй зарабі на жыццё.
Летась у траўні ўступілі ў сілу два распараджэнні польскага Міністэрства працы і сацыяльнай палітыкі, якія рэгулююць працаўладкаванне замежнікаў.
Абодва дакументы спрашчаюць прыём на працу грамадзян Беларусі і адмыслоўцаў з іншых краін СНД. Цяпер польскія працадаўцы не мусяць паведамляць мясцовым уладам і атрымліваць дазвол, наймаючы адмыслоўцаў з іншых краін, пры ўмове, што тыя будуць працаваць не больш як шэсць месяцаў на працягу году.