Гарадзенскія габрэі правялі марш у памяць аб ліквідацыі гета

|

Гарадзенскія габрэі ў нядзелю 20 сакавіка правялі ў цэнтры горада марш памяці, узгадваючы такім чынам пра тысячы загінуўшых у часы Другой сусветнай вайны.


Каля 80 чалавек прыйшлі на акцыю, арганізаваную гарадзенскай габрэйскай суполкай ля даўняга ўваходу ў гета. Прыйшлі як нашчадкі і сваякі тых, хто перажыў жахі Халакоста, гэтаксама і неабыякавыя людзі, не звязаныя наўпрост з габрэйскай супольнасцю, а таксама прадстаўнікі праваслаўнай і пратэстанцкай цэркваў.

 

Пачаткова планавалася, што шэсце пройдзе па цэнтральных вуліцах горада: ад вуліцы Багдановіча па Савецкай і да Вялікай харальнай сінагогі. Але ў апошні момант арганізатары памянялі план і правялі марш па такім сцэнары, як у мінулым годзе.

 

 

“Ёсць некаторыя праблемы, з-за якіх мы не змаглі прайсці па цэнтры горада. Мы вырашылі вярнуцца да леташняга маршрута, які праходзіць па Замкавай вуліцы. Гэтым маршам мы хочам паказаць, што габрэйскі народ застаўся жывы. А таксама паказаць, што габрэі – гэта не тыя, якіх згадваюць у навінах як загінуўшых.

 

Таксама мы нагадваем гарадзенцам, што ў іх горадзе жыло шмат габрэяў. Пасыл мерапрыемства прадугледжвае чытанне Торы, чытанне з малітоўнікаў, а яшчэ ў нас наперадзе свята Пурым і мы прачыталі кавалачак з кнігі Эстэр, які распавядае пра перамогу габрэйскага народа”, – распавёў адзін з арганізатараў, мінскі рабін Грыгорый Абрамовіч.

 

 

Габрэйская абшчына праводзіць жалобную цырымонію ў Гродне штогод 13 сакавіка ў дзень знішчэння гета, а марш памяці прайшоў у другі раз. Арганізатары плануюць зрабіць яго штогадовым ды прыцягнуць у будучыні гарадзенцаў усіх нацыянальнасцей.