Самае перспектыўнае месца для археолагаў. Чым цікавыя даўнія казармы, якія сапсаваў рэкламай “Керамін”

Гіганцкая рэклама ў панараме Гродна: як бы гэта выглядала 150 гадоў таму?

 

Яшчэ ў сярэдзіне ХІХ ст. на месцы гэтага вялікага дома была пустка, а справа, бліжэй да цяперашняй выратавальнай станцыі, стаяў мураваны палац Флемінгаў, парэшткі якога разбурылі ў 2007 годзе.

 

А ў XVI ст. месца на вуліцы Маставой належала да найбольш людных у Гродне. Тут узвышалася царква Чэснага Крыжа, якой фінансава дапамагалі гродзенскія рамеснікі. Недалёка ад царквы стаяла невялікая капліца, якая адносілася да Прачысценскай царквы. Тут жа размяшчаліся велізарныя могілкі, пасярод якіх узвышаўся крыж. Крыж памяталі яшчэ ў сярэдзіне ХІХ ст.

 

План 1811 г. На месцы будучых казармаў вялікі пусты пляц

 

Акурат тады царскія ўлады адыйшлі ад практыкі пасялення сваіх салдат “на кватэрах” у гарадах ды мястэчках, а пачалі збіраць кватэрную павіннасць грашыма. У кошт гэтага падатку гарадскія ўлады павінны былі ўзводзіць казармы. Для гродзенскіх гарадскіх казармаў было выбрана вялкае пустое месца на беразе Нёмана і каля 1860 г. паўстаў двух-трохпавярховы будынак, які генерал Павел Баброўскі назваў “адным з найлепшых будынкаў Гродна, як па абшырнасці, гэтак і па чысціні аддзяленняў”. Пад час капання фундаментаў былі знойдзены шматлікія пахаванні і старыя падмуркі.

 

Гарадскія казармы адразу пасля пабудовы ў 1861 годзе

 

Ажыўленая вуліца Маставая ўздоўж казармаў вяла да перавозу праз Нёман

 

У 1899 г. тут знаходзіліся Пермскі і Петразаводскі палкі. У пачатку ХХ ст. у комплекс казарм уключылі будынкі былога кляштара кармелітаў і з-за гэтага гарадскім уладам ледзь-ледзь удалося “прабіць” пабудову мосту праз Нёман менавіта ў цяперашнім месцы. Вайсковая адміністрацыя не дазваляла дзяліць грамадзянскім мостам вайсковы абшар.

 

У пачатку ХХ ст. карадскія казармы былі адным з самых вялкіх гарадскіх будынкаў

 

У міжваенны перыяд да 1935 г. казармамі далей валодаў горад, калі магістрат прадаў іх міністэрству абароны Польшчы за 645 тысяч злотых. У верасні 1939 г. будынак стаў штабам абароны горада ад савецкіх войскаў. Па будынку вялі агонь савецкая артылерыя і танкі, але значна больш казармы пацярпелі ў чэрвені 1941 г.

 

У міжваенныя кады казармы выглядалі проста ідэальна

 

У 1941 г. казармы былі моцна пабураны падчас бамбардзіроўкі

 

У савецкі час у будынках размяшчаўся тэкстыльны камбінат

 

У 2010 г. падчас актыўнай фазы перабудовы былога тэкстыльнага камбіната пад патрэбы Беларускага інстытута правазнаўства на глыбіні крыху больш аднаго метра пад паверхняй падлогі былі знойдзены два чалвечых шкілеты.

 

Рэканструкцыя казармаў, 2007 год

 

Ці гэта былі тыя самыя “чалавечыя косці” са старых могілак, пра якія пісаў гісторык яшчэ ў ХІХ ст., ці забітыя і пахаваныя тут жа абаронцы Гродна верасня 1939 г., даведацца так і не ўдалося. Судмедэксперты забралі косці, а раскопак на тым месцы так і не пачалі. Да сённяшняга дня гэтае месца на беразе Нёмане застаецца адным з самых перспектыўных для правядзення археалагічных раскопак.