Рэшткі старога ясеня з парку Жылібера перавезлі ў Зелянбуд. Апошняе слова за Уладзімірам Качаном?

|

Датэлефанавацца да начальства, якое адказвае за стары ясень сёння было праблематычна. Як ва УЖРЭПе, гэтак і ў Зелянбудзе на тэлефонныя званкі ніхто не адказваў. Пракаментаваў сітуацыю толькі намеснік генеральнага дырэктара ЖКГ Сяргей Сямашка:

 

Усе рэшткі дрэва перавезены ў Зелянбуд. Апошняе слова будзе за Уладзімірам Качаном. Калі ён убачыць у іх новы праект, то яго, магчыма, рэалізуем. Калі не, то самі возьмемся за працу. У выпадку неабходнасці будзем чакаць новых праектаў ад гараджан“.

 

Таксама Сяргей Сямашка распавёў “Твайму стылю” чаму не атрымалася захаваць дрэва ў парку. Цягам некалькіх тыдняў ясень вывучалі спецыялісты Зелянбуда і праектнага iнстытута. З іх слоў, дрэва знутры выгнiла да двух метраў і пайшло па расколінам. Выгніўшая была і ўся каранёвая сістэма.

 

 

На здымку бачна, што аснова ствала мае невялікую гніль. Калі распілоўвалі ствол напалову, было відаць, што там усё ў добрым стане.

 

Калі б дрэва мела гістарычную значнасць і было звязана з рознымі падзеямі, то пытанне вырашалася б па-іншаму, а так яно старое і зжыло сябе. Дрэва ўяўляла небяспеку для гараджан. Выратаваць яго было нельга. Мы разглядалі многія варыянты. У сувязі з тым, што сярэдзіна дрэва згніла, пытанне фундаментальнага замацавання – залівання бетону – было адразу адхілена”, – дадаў Сямашка. Справа ў тым, што бетон паглынае вільгаць, таму дрэва яшчэ больш пачало б гніць зсярэдзіны і наогул павалілася б. Ніводзін спецыяліст не ўзяўся за працу, ніхто не хацеў несці адказнасць за ўмацаванне дрэва. Па словах Сямашкі, калі б ясень упаў, адказвалi б праекціроўшчыкі.

 

Адна з выпілаваных частак ствала выглядае вельмі добра

 

Крыніца “Твайго стылю”, добра знаёмая з сітуацыяй, паведаміла, што чыноўнікі папросту не хацелі займацца дрэвам, бо пачаткова ім здавалася, што ўсё будзе нашмат прасцей. Аднак хутка стала зразумела, што выгадней і танней яго проста спілаваць. Каб зрабіць праект па ўмацаванні ясеня, трэба было заказваць дакументацыю ў праектным інстытуце. Інстытут не хацеў браць адказнасць, бо вопыту з такімі аб’ектамі ў іх няма, таму ставіць подпісы і пячаткі на дакументах яны не хацелі.

 

Мы звярнуліся да Уладзіміра Качана і даведаліся, ці будзе ён далей займацца гэтым дрэвам.


“Вядома, я засмучаны, што так зрабілі з старым ясенем. У нас была дамоўленасць з начальнікамі, што пасля кантрольнага зрэзу яны звяжуцца са мной. Але мне ніхто нiчога не паведаміў. Мне здаецца, што дрэва вытрымала б і танк, проста ніхто не хацеў займацца гэтым. Але рукі апускаць не варта. Будзем глядзець, што можна зрабіць з тым, што засталося“.

 

Дакладны ўзрост дрэва так і не ўдалося вызначыць. Але аўтар пачатковай ідэі параўтварэння ясеня ў помнік Мечыслаў Супрон схіляецца да думкі, што дрэву было больш за 300 гадоў.