Талмуд загадвае напіцца! Гарадзенскія габрэі адзначылі самы вясёлы дзень календара

|

Габрэi адзначалі самае вясёлае свята ў годзе – свята ў памяць аб цудоўным выратаванні габрэйскага народа ў Персідскім царстве больш за 2400 гадоў таму, у перыяд праўлення цара Ахашвероша (Артаксэркса). Гэты дзень атрымаў назву ад слова “пур”, што азначае “жрэбій”.

 

Менавіта пра гэты дзень у Талмудзе сказана: у Пурым абавязкова напіцца так, каб не адрозніваць “праклёнаў Амана” ад “дабраславенняў Мардэхая”.

 

У гэты дзень гарадзенскі рабін Іцхак Кофман (на здымку нiжэй) наліваў дарослым столькі, колькі яны маглi выпiць.

 

 

Я ўпершыню бачу столькі людзей на нашым свяце, такой колькасці яшчэ не было! Нам нават прыйшлося дастаўляць сталы і лаўкі. Мы расцем і становімся адной вялікай сям’ёй. Усімі намаганнямі наша сінагога стала сапраўдным домам не толькі для габрэяў, але і для многіх горажан, якія прыходзяць і адчуваюць сябе тут утульна“, – распавёў старшыня гарадзенскай іўдзейскай абшчыны Барыс Квяткоўскі.

 

Спецыяльна для дзяцей прыехаў самы сапраўдны цырк, дзе выступалi клоўны з дрэсіраванымі птушкамі.

 

 

Самымі прыгожымі і яскравымі ў гэты вечар былі дзеці. Дарэчы, акурат з-за касцюмаў габрэі называюць свята Пурым “сваім Хэлоўінам”.

 

 

Для дарослых у гэты вечар быў падрыхтаваны спецыяльны стол, таксама для iх выступалi лепшыя музыкi гарадзенскай абшчыны. Пасля застолля многія пачалі танцаваць.

 

 

Свята скончылася з надыходам цемры. Усе пажадалі адзін аднаму здароўя і паабяцалі ў наступным годзе арганізаваць Пурым яшчэ лепш.