Экзатычныя папугаі “прыляцелі” ў Гродна на месяц
На выставе прадстаўлены розныя віды экзатычных птушак: ад ара, які ўмее размаўляць, да таўстадзюбага і новазеландскага папугаяў. Пазнавальная выстава ўключае ў сябе не толькі жывыя экспанаты, але і малюнкі папугаяў, зробленыя навучэнцамі дзіцячай мастацкай школы. На выставе можна прагаласаваць за лепшую працу, а аўтар, які збярэ набольш галасоў, атрымае падарункі ад выставачнай залы.
“Акрамя сур’ёзных выстаў мы стараемся рабіць і больш папулярныя, на якія пойдуць людзі. І вось камандзіроўка нашых экзатычных папугаяў па Беларусі спынілася ў Гродне. Падобная яркая і вясновая выстава ў нас была летась – выстава трапічных матылькоў“, – распавяла дырэктарка выставачнай залы Ірына Сільвановіч.
Выставу можна пабачыць да 24 красавіка. Час працы з 11.00 да 20.00, штодзённа акрамя панядзелка.