“Як дапамагчы перажыць крызіс”. Псіхолагі дзяліліся досведам і вучыліся на фестывалі ў Гродне

|

 

 

Паводле Вольгі Венско, старшыні Гарадзенскага таварыства практыкуючых псіхолагаў, фестываль можна параўнаць з “калейдаскопам”, дзе за кароткі час можна ўбачыць вынікі практычнай і даследчыцкай працы калег, а часам і пераасэнсаваць стаўленне да псіхалагічнай навукі, практыкі ці тэрапіі.

 

“Сёлета выбралі тэму крызіснай дапамогі, – кажа Вольга, – бо крызіс адлюстроўваецца на жыцці беларусаў. Праца псіхолагаў набывае асаблівую каштоўнасць, таму важна акумуляваць досвед іх амаль нябачнай штодзённай працы, даць магчымасць падзяліцца досведам, даведацца пра новыя тэхналогіі, каб надалей працаваць больш глыбока і якасна”.

 

Зараз, са словаў Вольгі, да сямейных ці ўзроставых крызісаў дадаліся яшчэ прычыны, каб звярнуцца па дапамогу. Гэта выразны пласт прафесійных крызісаў, звязаных са стратай працы ці неабходнасцю для мэнэджараў звальняць працаўнікоў, а таксама крызісы асобы ў сітуацыях псіхалагічнага гвалту і прымусу.

 

Казка ў псіхалагічнай дапамозе


На майстар-класе ў Ганны Янчый з Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы можна было даведацца пра выкарыстанне ў псіхалагічнай дапамозе метадаў казкатэрапіі. Паводле Ганны, казкатэрапія гэта той “інструмент, што дае магчымасць не толькі распазнаць псіхалагічную рэчаіснасць асобы, але і праз метафару дапамагчы справіцца з сітуацыяй без глыбокага ўмяшальніцтва, у мягкай, не павучальнай форме”. Вусную народнай творчасць псіхолаг называе інструментам “апрабіраваным стагоддзямі”, а яе эфектыўнасць у сучаснай терапіі абгрунтоўвае навуковымі даследваннямі.

 

 

Выкарыстоўваць метады казка-тэрапіі можна вельмі шырока, мяркуе Ганна. Гэтак, яго выкарыстоўваюць студэнты-валанцёры з атрада псіхалагічнай дапамогі, што пад кіраўніцтвам Ганны працуе пры храме ў абласной бальніцы.

 

 

 

Малюнкі для спартсменаў і не толькі


Спартыўны псіхолаг з Гродна Кацярына Буча прэзентавала на фестывалі метад малюнкавай дыягностыкі. З яе словаў, ён дапамагае вызначыць прычыны, што не дазваляюць спартсменам дасягаць вынікаў. 

 

 

Малюнкі дапамагаюць знайсці “якары” – пэўныя псіхалагічныя ўстаноўкі, што стрымліваюць ці спыняюць рух да мэты. Намаляваныя сюжэты наўпрост дазваляюць убачыць праблему і далей працавааць з атрыманай інфармацыяй. Магчымасці выкарыстання метада не залежаць ад навыкаў малявання. Са словаў Кацярыны, нават просты схематычны малюнак дае шмат інфармацыі для аналізу, бо праблемы знаходзіцца “не ў малюнках, а ў галаве”.

 

Спартыўны псіхолаг Кацярына Буча: “Вучу трапляць у цэль і дасягаць мэтаў”

 

Кацярына расказвае, што распрацавала методыку для прафесійных спартсменаў, але яна можа быць адаптавана і для больш шырокага прымянення. Пазнаёміцца з працай Кацярыны і паспрабаваць эфектыўнасць дыягностыкі можна нас майстар-класах у “Студыі карысных кампетэный”.

 

 

“Гэта не тыя тэсты, каторымі зараз поўніцца інтэрнэт, кшталту, “кім ты быў у мінулым жыцці”. На занятках выкарыстоўваюцца сучасныя прафесійныя методыкі, што дапамагаюць вывучаць уласныя ўважлівасць, характар і тэмперамент, даюцца рэкамендацыі ці парады, да каго з калег звярнуцца для далейшай працы”.

 

Калі трэці не лішні – магчымасці медыяцыі ў вырашэнні канфліктаў


Ігар Рынкевіч, юрыст і медыятар з Мінска, адзначыў важнасць сумеснай працы псіхолагаў і медыятараў. “Зараз вельмі актуальныя як тэма псіхалагічнай дапамогі ў крызісных сітуацыях, так і магчымасці вырашаць канфлікты з найменшымі стратамі”. У час крызісу, паводле Ігара, вельмі важна ўмець выходзіць з канфліктаў не губляючы адносіны, каб у выйгрышы заставаліся абодва бакі. Таму абмен ведамі паміж псіхолагамі і медыятарамі дапаможа надалей працаваць больш эфектыўна.

 

 

 

Школьны псіхолаг павінен быць бачным


Педагог-псіхолаг Вераніка Раманцэвіч з Лідскай школы 9 дзялілася з калегамі досведам выкарыстання метада “Мандала” для працы з узроставымі падлеткавымі крызісамі ці сітуацыямі гора і страты.

 

 

У падверджанне, што малюнак мандалы – “таго, што акружае цэнтр” – можа быць эфектыўным у дыягностыцы крызісных станаў і дапамагае знайсці з іх выйсце, Вераніка распавяла пра даследванне ўзроўню трывожнасці, што праводзіла ў школе з вучнямі чацвёртых класаў.  

 

 

У школьнага псіхолага шырокая практыка – звяртаюцца і вучні, і настаўнікі, і бацькі, расказвае Вераніка. Яе меркаваннем, псіхолаг у школе павінен быць “бачным” – прыходіць у класы, арганізоўваць мерапрыемствы – каб дзеці адчулі давер і не саромеліся пры неабходнасці  звяртацца. Таму важна увесь час удасканальвацца ў прафесіі, і фестываль – добрая нагода даведацца пра досвед калег і падзяліцца ўласным.

 

Гіпноз і НЛП – услед за “Сталкерам”


Глеб Кулікоў, дырэктар трэнінгавага цэнтра “Сталкер” з Віцебска, расказваў пра магчымасці выкарыстання ў псіхалагічнай дапамозе гіпнатэрапіі. “Многія ў цяжкай сітуацыі і самі разумеюць, што трэба рабіць, але ім не хапае матывацыі і намеру. Тут можа дапамагчы  гіпноз, у тым ліку і самагіпноз”, – распавядае Глеб.

 

Асаблівасці гэтага метада ў тым, што гіпноз раскрывае творчую, інтуітыўную частку асобы і дапамагае знайсці невідавочныя шляхі выйсця з крызісу. “Нашы праблемы часта фарміруюцца ў свядомым. Таму з яго дапамогай немагчыма знайсці выйсце. На дамапогу павінна прыйсці несвядомае”. Гіпноз акурат і выконвае функцыю інтэграцыі свядомага і несвядомага.

 

 

Навучыцца метадам гіпнатэрапіі можна пакуль толькі ў Віцебску. Штогод цэнтр “Сталкер” праводзіць такія курсы для спецыялістаў. Для жыхароў іншых гарадоў Беларусі прапануюць праграмы асабістага росту “Псіхасінтэз” і “НЛП-практык”, набор на каторыя адбываецца восенню.

 

Ілона Кранц і Людміла Сцяпанава з Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Танка расказвалі пра выкарыстанне метафарычных асацыятыўных карт у псіхалагічнай дапамозе. На сваім майстар-класе Ілона Кранц дзялілася досведам выкарыстання гэтага метада ў працы з ахвярамі гвалту. Актуальнасць тэмы падцвердзіла цікавасць калег да прапанаванай методыкі. “Гвалт у сучаснай сітуацыі можа быць не толькі сэксуальным. Сітуацыі з хатнім гвалтам, прымусам або ціскам на працы таксама распаўсюджаны.”

 

 

Разам з Людмілай Сцяпанавай яны распрацавалі адукацыйную праграму па працы з асацыятыўнымі картамі. “Навучыцца іх выкарыстаўваць можа любы чалавек, бо іх стваральнік зусім не псіхолаг”, – распавядае Людміла.

 

 

 

Дзя шукаць псіхологаў у Гродне


Фестываль даў магчымасць даведацца пра лепшыя практыкі калег, пазнаёміцца з іх унікальнымі распрацоўкамі, рэзюмуе Вольга Венско. Але дзейнасць псіхолагаў не абмяжоўваецца толькі мерапрыемствамі для прафесійнай суполкі. Гарадзенцы змогуць заўсёды атрымаць кваліфікаваную дапамогу псіхолагаў звярнуўшыся на кафедру факультэта псіхалогіі, у Гарадзенскае таварыства практыкуючых псіхолагаў ці ў псіхалагічны цэнтр “Cо-бытие”.

 

Здымкі аўтаркі