“Нашы танцы незвычайныя”. У Гродне прайшоў фестываль “У стане танца”

У гэты дзень не было ні пераможцаў, ні прайграўшых. Усе ўдзельнікі прыехалі ў першую чаргу дзяліцца вопытам.

 

Tribal fusion – адзін з самых дзіўных відаў сучаснага танца. Ён аб’ядноўвае ў сабе сілу і гнуткасць, плыўнасць і выразнасць, цякучасць і нязменнасць. Ён не мае межаў і дае свабоду фантазіі. Можа выглядаць зусім маладым і вар’яцка старажытным, можа гіпнатызаваць, а можа запальваць.

 

 

У Гродне гэтым відам танца займаецца не больш за 10 чалавек пад кіраўніцтвам Лізаветы Харцiкавай. Яны і зладзілі фестываль, каб папулярызаваць гэты танец у горадзе.

 

На жаль, пра tribal fusion у нас ведаюць толькі адзінкі. Мы ж стараемся прыцягнуць больш людзей у свае шэрагі. Нашы танцы незвычайныя – яны чымсьці падобныя да ўсходніх, але адначасова зусім іншыя, з дадаваннем розных элементаў”, – распавяла Лізавета.

 

Акрамя шоў на сцэне тэатра, у межах фестывалю прайшлі таксама майстар-класы ад прыезджых танцораў. Арганізатары спадзяюцца, што фестываль “У стане танца” стане штогадовым.