“Каб не курачкі, я б не выжыла”. Як бабуля Геня трымае курэй у цэнтры Гродна

|

Шаснаццаць гадоў таму бабуля Геня вярнулася ў Гродна, дзе некалі прапрацавала ўсё жыццё. Нарадзілася ж яна ў вёсцы Беражаны і колькі сябе памятае, у яе сям’і заўсёды была вялікая гаспадарка: некалькі кароў, цяляты, свіннi, гусі і куры. Таму і ў горадзе сталая жанчына не абыходзіцца без жывёл.


Вяртанне ў вёску

 

Хоць вырасла Геня ў вёсцы, яе можна смела назваць гарадзенкай, бо яна выйшла за гарадскога хлопца і ўсё жыццё працавала ў горадзе. У сталым веку жанчыне, тады ўжо пенсіянерцы, прыйшлося ўсё кінуць у Гродне і вярнуцца ў родную вёску.

 

Захварэлі бацькі і я паехала даглядаць іх. Браты і сёстры яшчэ працавалі, а ўжо не, таму магла адправіцца ў вёску. Былі 90-я, бацька хварэў, але доўга не працягнуў і памёр. Мы з маці разам даглядалі гаспадарку, але неўзабаве стала хварэць і мама. У пачатку 2000-х мы пераехалі ў Гродна да маёй дачкі, бо яна медык. Мама, пражыўшы яшчэ некаторы час, таксама памерла“.

 

Пакуль пенсіянерка даглядала сваіх бацькоў, яна так звыкла да вясковага жыцця, што ўжо не ўяўляла сябе без гаспадаркі. Але чарговы раз вярнуцца ў вёску бабуля Геня не магла: яе не адпускала дачка, якая прапанавала маці застацца ў Гродне.


Завяла курачак каб не сумаваць

 

Я ўсё жыццё працавала швачкай, у маладосці магла і не есці гадзінамі, а нават суткамі, так любіла шыць. Да 70 гадоў у мяне развіўся Паркінсон і шыць я ўжо не магла. Гультаваць я не прывыкла, усё жыццё працавала. Каб не сумаваць, завяла курачак“.

 

 

Ля дому ёсць агарод, таму бабуля Геня пачала з некалькіх курэй, а хутка іх было ўжо 16. Але ўсё, што выгадавала пенсіянерка, неўзабаве скралі нядобразычліўцы.

 

Дачка мне часта казала: “Мама, пасячы курэй, а то скрадуць”. Куры нашы любілі выходзіць за плот. І вось аднойчы скралі тры штукі, а праз некалькі дзён і ўсіх астатніх”, – кажа бабуля. Яе гэта не спыніла – яна паехала ў вёску і купіла новых птушак. Цяпер у яе 30 курачак і тры пеўня.

 

 

 

“Калі б не курачкі, я б не выжыла”

 

Бабуля распавядае, што ў вёсцы куры непрыкметныя, бо там ёсць вялікія жывёлы. А калі ў горадзе нічога няма, то ўжо і куры здаюцца вялікай гаспадаркай.

 

 

Для старых гэта забаўка, проста адно задавальненне. Была ў нас у вёсцы такая цётка Лена, яна не раз мне казала: “Калі б не каровы, то я б ужо не жыла. Ці магу, ці не магу, усё роўна мушу ісці даіць”. Тады, яшчэ маладая, я з цяжкасцю разумела гэтую цётку. Цяпер я яе ўспамінаю тысячу раз і разумею, што яна казала праўду. І калі б не мае курачкі, я б таксама не выжыла. Здаецца, раніцай ужо не ўстанеш з ложка, але неяк, за табурэтку трымаючыся, падымаешся, расхаджваешся і выходзіш да сваіх курачак. Іншы раз нахаджуся за цэлы дзень і лаю іх, кажу што больш гадаваць іх не буду. Але пройдзе пару гадзін і мы мірымся“.


“Па Марусiн паясок”

 

Кожную раніцу бабуля ўстае ў 8 гадзiн. Да 9 рыхтуе курам есці – бярэ палову пачкі ячневай крупы, варыць і дадае камбікорм.

 

Рыхтуе бабуля курам “па Марусiн паясок” – да палосак на вядры

 

Адразу не ўсе ядуць, некаторыя спачатку выседжваюць яйкі, а толькі потым прыходзяць есці. Яйкі яны нясуць нам кожны дзень. У нас сям’я вялікая і хапае ўсім”. Унук Андрэй ніколі не пойдзе купляць крамныя яйкі, бо ведае, што хатнія бабулiны самыя лепшыя.

 



Людзям курачкі прыносяць толькі радасць

 

У час прагулкі куры разбягаюцца па ўсім двары, часам выбягаюць за дом або на чужы агарод. Але суседзі і мінакі выдатна ведаюць чые гэтыя куры і ніколі іх не крыўдзяць.

 

Курам трэба хадзіць на адкрытай тэрыторыі, ім хочацца травы і свабоды, таму яны заходзяць далёка. Часта назіраю за маленькімі дзеткамі, якія бягуць да курачак і крычаць. Дзеці ж ніколі не бачылі жывых курэй, дык я ім іншы раз і яек дам і кажу: “Гэта курачка табе дала”. Людзям мае курачкі прыносяць толькі радасць“.

 

 

Cваю будучыню бабуля Геня не ўяўляе без гаспадаркі. Тэлевізар яна глядзіць рэдка, а калі глядзіць, то толькі навіны.

 

“Не магу я гэтыя фільмы глядзець, мне аж сэрца баліць – я плачу. Пакуль жыву, буду займацца курачкамi, бо толькі з імі магу пасядзець і пагутарыць за цэлы дзень. Яны мяне разумеюць і прыносяць радасць”.