Гарадзенскія таксісты працягваюць збіраць подпісы на плошчы Леніна

|

Таксісты ўжо зараз называюць сваю дзейнасць стратнай і лічаць, што працаваць ва ўмовах, якія ім стварае дзяржава, яны не могуць. Кіроўцы патлумачылі, што людзей яны на плошчы не збіраюць, а проста чакаюць калег, якія пакрысе прыходзяць і падпісваюць петыцыю, якую неўзабаве адправяць у аблвыканкам.

 

Таксісты не згодныя з абавязковай устаноўкай СКПО (сродкаў кантролю падатковых органаў). Яны збіраюць подпісы і хочуць, каб улады ведалі што “працэс пайшоў”.

 

На сённяшні дзень яны сабралі больш за 200 подпісаў. Але гэтага, яны лічаць, мала, таму збор яшчэ працягнецца. Магчыма, у наступны панядзелак адразу з плошчы ўсе подпісы перададуць у аблвыканкам.

 

Таксама кіроўцы распавядалі, што яны звярталіся па дапамогу да начальнiкаў розных фірм таксі горада, каб тыя распавялі сваім супрацоўнікам аб сітуацыі, якая склалася. Але ўладальнікі буйных фірм адмовіліся гэтым займацца. Нягледзячы на адказ кіраўніцтва, супрацоўнікі, у асноўным маладыя, якія працуюць на фiрмы i не маюць сваіх аўтамабіляў, актыўна падпісвалi петыцыю.