Прысуджаны да расстрэлу Іван Кулеш: Я “заслужыў” смерць (абноўлена)
Калегія Вярхоўнага суда Беларусі 29 сакавіка пачала слуханні ў апеляцыйным парадку крымінальнай справы 29-гадовага жыхара Лідскага раёна Івана Куляша, якога суд Гродзенскай вобласці прыгаварыў да расстрэлу з канфіскацыяй маёмасці. Сам жа падсудны просіць Вярхоўны суд пакінуць у сіле вынесены яму смяротны прысуд.
Разгляд апеляцыі па справе Кулеша ў Вярхоўным судзе сёлета пераносілася як мінімум двойчы.
Прызнаны вінаватым у забойстве трох чалавек і шэрагу іншых злачынстваў, Кулеш 29 сакавіка быў дастаўлены ў суд. У зале знаходзяцца пацярпелыя — сваякі забітых жанчын. Старшынюе на працэсе намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Міцкевіч, перадае БелаПАН.
У скаргах, пададзеных абаронай ў Вярхоўны суд, гаворыцца, што суд першай інстанцыі прызначыў падабароннаму занадта суровы прысуд, не ўлічыў, што Кулеш напісаў яўку з павіннай, і гэта дазволіла раскрыць два забойствы, актыўна супрацоўнічаў са следствам. Не ўлічана, што ён сірата, выхоўваўся ў дзіцячым доме, у прыёмнай сям’і. Абарона ўпэўненая, што Кулеш стаў на шлях выпраўлення, і папрасіла змяніць смяротны прысуд на 25 гадоў пазбаўлення волі.
“Як бы мы ні ставіліся да Куляша, яго яўка з павіннай дазволіла следству раскрыць злачынства пра забойства двух прадавачак у 2013 годзе. Гэта злачынства на працягу года не было раскрыта, і невядома, што было б, калі б Кулеш ва ўсім не прызнаўся”, – адзначыў абаронца падчас спрэчак у судзе.
Пры гэтым сам Кулеш з прысудам Гродзенскага абласнога суда згодны. Ён папрасіў Вярхоўны суд пакінуць яго ў сіле, аргументаваўшы гэта тым, што “заслужыў” смерць.
Справа пра забойства прадаўшчыц: у Гродне можа быць вынесены чарговы смяротны прысуд
Нагадаем, 20 лістапада Гродзенскі абласны суд прыгаварыў 28-гадовага Івана Куляша да вышэйшай меры пакарання — смяротнай кары — за забойства трох жанчын, крадзеж і разбой. Паводле версіі следства, у верасні 2013 года Кулеш забіў двух прадаўцоў у Лідзе і выкраў з магазіна грошы і тавары больш як на 37 млн. рублёў.
Падрабязнасці шакавалі. Высветлілася, што прадаўшчыц білі доўга і марудна – у кожнай з жанчын на целе было каля 20 ран. Жанчынам было 56 і 45 гадоў. З касы знікла ўся выручка за выходныя – 35 мільёнаў рублёў і некалькі бутэлек спіртнога. Пазней сведкі казалі, што ўвечары быццам чулі крыкі з крамы і бачылі мужчыну ў кепцы і капюшоне, які выходзіў з крамы. Нягледзячы на тое, што на месцы здарэння працавалі следчыя і эксперты не толькі з вобласці, але і лепшыя кадры з усёй краіны, знайсці забойцу хутка не ўдалося. Доўгі час злачынства заставалася не раскрытае.
У лістападзе 2014 года Кулеш забіў яшчэ аднаго прадаўца ў Лідскім раёне — нанёс жанчыне больш за 10 удараў сякерай і выкраў з крамы грошы і тавары. Акрамя таго, Кулеш прызнаны вінаватым у замаху на забойства сына прадаўшчыцы, які застаў яго ў магазіне.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International заклікае дамагацца адмены смяротнага прысуду Івану Кулешу. Праваабаронцы не імкнуцца пераменшыць сур’ёзнасць злачынства беларуса, “але смяротнае пакаранне само па сабе ёсць злачынства”.
Папярэдні смяротны прысуд у Гродне быў вынесены абласным судом 12 чэрвеня 2013 года. Суд тады прызнаў Паўла Селюна вінаватым па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: забойства дзвюх асоб, учыненае з асаблівай жорсткасцю; крадзеж; здзек з трупаў; крадзеж асабістых дакументаў. Да гэтага малады чалавек не меў судзімасцей. Ён забіў сваю жонку і яе сябра, якіх застаў у адной кватэры. Палюбоўніка ён расчляніў, цела выкінуў у смеццевы бак, а галаву забраў з сабой. З галавой у сумцы яго і затрымалі праваахоўнікі ў цягніку ў Ваўкавыску.
З пачатку 1990 года да вышэйшай меры ў Беларусі было прыгаворана больш за 400 асуджаных.
Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе да гэтага часу ўжываецца смяротнае пакаранне. Праўда, у апошні час у Расеі ўсё часцей гучаць заклікі адмяніць мараторый на смяротнае пакаранне.
Адмена смяротнай кары або ўвядзенне мараторыя на яе выкананне – галоўная ўмова прыняцця Беларусі ў Раду Эўропы.