У Свята-Пакроўскім саборы адбудзецца паніхіда на спачын душы Ніла Гілевіча

|

Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч памёр вечарам 29 сакавіка на 85-м годзе жыцця.

 

Пасля смерці Рыгора Барадуліна Ніл Гілевіч быў апошнім Народным паэтам, які жыў сярод нас. Званне Народнага прысуджалася за асаблівы ўнёсак у развіццё беларускай літаратуры і стварэнне выдатных твораў. Гэтага звання былі ўдастоены 8 паэтаў: Янка Купала, Якуб Колас, Пятрусь Броўка, Аркадзь Куляшоў, Максім Танк, Пімен Панчанка, Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч.

 

Акрамя літаратурнай творчасці Ніл Сымонавіч актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю. Быў ініцыятарам стварэння і першым старшынёй Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

 

Будучы дэпутатам Вярхоўнага Савета XI і XII скліканняў (1985-1995), старшынёй Камітэта па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны (1990-1995) менавіта ён быў ініцыятарам Закона “Аб мовах”, прынятага ў 1990 годзе, у якім беларуская мова атрымала статус адзінай дзяржаўнай мовы на тэрыторыі Беларусі.

 

Апошняга народнага паэта Беларусі пахаваюць на Кальварыйскіх могілках у Мінску, побач з жонкай, 1 красавіка.