Вечар “самага жоўтага” мастака: у Дзіцячай ЭкаСтудыі адзначылі дзень нараджэння Ван Гога
Шмат увагі арганізатары надавалі любімым колерам Ван Гога. У ЭкаСтудыі гэты разам было шмат жоўтага: жоўты абрус, жоўтая кашуля ў вядоўцы, жоўтыя рэпрадукцыі карцін Ван Гога. У памяшканні развесілі лісты з цытатамі мастака і “воблачкі” на жоўтай сцяне.
Вядоўца Васіль Валошчык запрасіў у ЭкаСтудыю Рыму Ушкевіч і “доктара ўсяе навукі” Таццяну Валошчык. Яна расказала біяграфію мастака і паказала домікі, у якіх ён жыў.
– Мы вырашылі абыйсці трагічныя моманты яго лёсу. Не расказвалі пра лякарню, дзе ён знаходзіўся апошнія гады свайго жыцця. Пра тое, што ён насамрэч быў не першым дзіцём. У сям’і Ван Гогаў нарадзіўся першы сын, які хутка памёр. Ван Гог нарадзіўся праз год у той жа дзень і яго таксама назвалі Вінсэнтам! Мне здаецца, гэта таксама было для яго псіхалагічнай траўмай, – расказала Таццяна.
Хаця запрашалі дзяцей ад пяці гадоў, прыйшлі мамы з дзецьмі трох, чатырох гадоў. Яны хутка стаміліся слухаць. Таму прыйшоў час інтэрактыўных заданняў. Дзеці шукалі краіну Ван Гога на мапе, знаходзілі ў пакоі рэчы, звязаныя з малюнкамі Ван Гога – семачкі, вазу, чаравікі. А таксама зрабілі сланечнік з газет і пакетаў для смецця.
Для мамаў і татаў расказалі пра яшчэ аднаго творцу, чый дзень нараджэння, як і Ван Гога, 30 сакавіка. Васіль Валошчык прэзентаваў творчасць амерыканкай спявачкі Трэйсі Чэпмэн. Акрамя музычнай дзейнасці, яна актыўна выступае за дзяржаўную і гандэрную роўнасць.
Таццяна Валошчык лічыць, што мастацтва развівае дзяцей, дапамае спазнаць унутраны свет і выказаць яго. У планах ЭкаСтудыі – заняткі пра сусветнае мастацтва для дарослых.
Здымкі аўтаркі