Шчаслівы абдзіртус, акукарача і кватэра ў Скідзелі: на ІХ беларускай дыктоўцы гарадзенцы ўспаміналі Гілевіча і жартавалі з Шалкевічам
Па-настаўніцку сурова сабраўшы лоб маршчынамі Шалкевіч прыгразіў пакінуць тых, хто не справіцца з дыктоўкай на другі год, а пераможцу не чырванеючы паабяцаў кватэру ў Скідзелі. На такіх умовах пісаць дыктоўку нават і без жартаў усе б згадзіліся – застацца ў Гродне – і не на год – зусім не кепская перспектыва меркаваннем гараджан.
Распавёўшы, што сёлетняя дыктоўка будзе прысвечана ўшанаванню памяці Ніла Гілевіча, апошняга народнага паэта, што днямі сышоў з жыцця, Віктар запрасіў расказаць пра твору яго калегаў – прафесар Аляксея Пяткевіча і паэта Юрку Голуба.
“Не толькі ўзгадаць, але запомніць” – гарадзенцы ўшанавалі памяць Ніла Гілевіча
Пісьменнікаў было многа…
Узгадаўшы доўгі шэраг званняў і рэгалій Ніла Гілевіча Аляксей Пяткевіч адзначыў, што той найперш застанецца для ўсіх паэтам, што “ўсё жыццё заставаўся верным традыцыі народнай эстэтыкі і культуры”. Як галоўны аспект яго асобы Аляксея Пяткевіча вылучыў “бясконцую адданасць беларускасці”.
Пісьменнікаў, са словаў прафесара, было многа – больш за 500 за савецкім часам, але толькі адзінкі знаходзілі мужнасць і сілу публічна выказвацца наконт пераследу і прыгняцення беларускай мовы. Мець хоць малую частку той сілы зычыў Аляксей Пяткевіч і кожнаму беларусу.
Паплечнікі і вучні ў выбітных асобаў з’яўляюцца пасля смерці
Юрка Голуб, каго вядоўца прадствіў вучнем Ніла Гілевіча, ўзгадаў пра студэнцкія гады ў БДУ, дзе паэт чытаў курс лекцый па вуснай народнай творчасці.
“Пасля смерці выбітных асобаў з’яўляецца адразу шмат іх вучняў ды паплечнікаў” – пажартаваў Юрка Голуб, – а я адзін з іх ад першага курса”. Юрка Голуб прынёс на дыктоўку кнігі Гілевіча з аўтографамі паэта і прачытаў некалькі яго вершаў.
“Не адбірайце музыкі ў паэта ” – адзін з іх, што стаў і эпіграфам да дыктоўкі.
Не адбірайце музыкі ў паэта,
Заканадаўцы паэтычных мод!
Яна з ім дружыць ад стварэння свету,
Ва ўсякім разе — сотні тысяч год….
Шчаслівы абдзіртус і пачуцці паміж Трыстанам і Ізольдай
Пісалі сёлета апавяданне з назваю “Шчаслівы абдзіртус”. Сюжэт расповяда твора Ніла Гілевіча бібліяграфічны – распавядае пра пасляваеннага падлетка, якога выправілі на базар купіць адзенне, а ён там пабачыў… акардэон.
На гэтым кульмінацыўным моманце Віктар Шалкевіч скончыў дыктоўку, параіўшы самастойна знайсці і пачытаць аповесць “Перажыўшы вайну”, ў склад якой уваходзіць і надыктаваны ўрывак.
Мастацтву ствараць інтрыгі ў адукацыі, са словаў Віктара, ён навучыўся ў студэнцкія гады. “Паміж Трыстанам і Ізольдай узніклі пачуцці. А што гэта былі за пачуцці, вы даведаецеся пасля перапынку” – працытаваў Шалкевіч колішняга свайго выкладоўцу.
У час, адведзены на адпачынак па дыктоўцы бард спяваў і расказваў смешныя гісторыі. Героі і сюжэты яго показак і песень пазнавальны і знаёмыя, нібы спісаныя з такіх самых тутэйшых, як тыя, што сабраліся ў залі. Што да песень, то калі слухаеш іх цалкам, яны падаюцца пазлам, складанкаю з вядомых ці чутых раней афарызмаў, бо даўно ўжо разышліся на цытаты ці самі наўпрост цытуюць жыццё.
“На усходзе дэмакратыя і дзяўчаты задарма”, міліцыянеры, што “ходзяць ціхімі тройкамі”, “беларускія дзяўчаты прыгажэйшыя за усіх”, “дыскусія трывала, бо гарэлачка была” і вечнае пытанне “што гэта значыць” кранаюць натуральнасцю і шчырасцю мясцовых “Мацейкаў, Селівончыкаў, Бяленікаў”.
На заканчэнні імпрэзы бард зычыў усім жыць нармальным поўным жыццём. Тады, з яго словаў, у народа “што кушает макароны з картошкай” будзе ўсё ў парадку. Песняю, што закрыла сустрэчу стаў нацыяналістычны блюз “Не пі, сынок”.
Фота і відэа аўтаркі