Крупная международная конференция по вопросам старения пройдёт в Гродно

|

У 2030 г. каля 30% насельніцтва Беларусі будзе ў пенсійным узросце.

 

Некаторыя рэгіёны краіны па суадносінах дзяцей ва ўзросце ад 0 да 14 гадоў і людзей ва ўзросце ад 50 гадоў і вышэй (16,1% і 36% у Гродзенскай вобласці) ужо цяпер адносяцца да рэгрэсіўнага тыпу. Толькі Гродзенская вобласць да 2032 г. страціць больш за 40% працоўнага патэнцыялу сельскага насельніцтва.

 

Гэта запатрабуе сур’ёзнага рэфармавання сістэмы сацыяльнага абслугоўвання, медыцынскай і іншых сфер жыцця краіны.

 

Ужо цяпер у грамадстве ідзе актыўная дыскусія на тэму падвышэння пенсійнага ўзросту.

 

Аднак пенсійнае забеспячэнне з’яўляецца толькі адным з важных пытанняў, якія тычацца стварэння ўмоў для годнага жыцця людзей усіх пакаленняў.

 

Канцэпцыя Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2030 г. прадугледжвае задавальненне інтарэсаў пажылых людзей, пераарыентацыю сістэмы сацыяльнай абароны на адаптацыю да жыцця ў сучасным грамадстве, павышэнне якасці сацыяльных паслуг, стварэнне ўмоў для пашырэння ўдзелу ва ўсіх сферах жыцця грамадства.

 

У краіне наспел час для распрацоўкі нацыянальнага і мясцовых планаў дзеянняў па рашэнні пытанняў, звязаных са старэннем грамадства.

 

Як “запусціць” распрацоўку такога планавання, якім зместам напоўніць гэтыя планы, на якой беларускі і замежны вопыт абапірацца – усе гэтыя пытанні будуць абмяркоўвацца на канферэнцыі “Паляпшэнне якасці жыцця пажылых людзей: на шляху да распрацоўкі планаў дзеянняў па пытаннях старэння”, якая пройдзе 8-9 красавіка ў Гродне.

 

Удзел у ёй прымуць навукоўцы, прадстаўнікі дзяржаўных, грамадскіх і міжнародных арганізацый з Беларусі, Літвы, Казахстана, Кыргызстана, Польшчы, Расіі і Украіны.

 

Сярод удзельнікаў канферэнцыі – намеснік Прадстаўніка Фонду ААН па народанасельніцтве (ЮНФПА) у Беларусі Алена Касько, дырэктар Даследчага цэнтра Інстытута прыватызацыі і менеджменту (ІПМ), член Кансультатыўнага савета пры Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь Аляксандр Чубрык, прэзідэнт Федэрацыі ўніверсітэтаў трэцяга ўзросту Ніжняй Сілезіі (Польшча) Аляксандр Кабылярэк.

 

Удзел у канферэнцыі таксама прыме доктар медыцынскі навук, прафесар Кірыл Прашчаеў – першы беларускі вучоны, які абараніў доктарскую дысертацыю па спецыяльнасці “геранталогія і герыятрыя”.

 

Ён з’яўляецца дырэктарам Навукова-даследчага медыцынскага цэнтра “Геранталогія” ў Маскве , а таксама першым намеснікам старшыні Беларускага рэспубліканскага геранталагічнага грамадскага аб’яднання.

 

Загадчыца лабараторыі сацыяльнай геранталогіі Інстытута геранталогіі НАМН Украіны, віцэ-прэзідэнт Лігі паліятыўнай дапамогі Украіны, доктар медыцынскіх навук, прафесар Вера Чайкоўская вядомая далёка за межамі Украіны. Менавіта яна арганізавала ва Украіне інфармацыйна-кансультатыўныя цэнтры для пажылых, інвалідаў і членаў іх сем’яў, стварыла ў Казахстане Навуковую школу геранталогіі.

 

Казахстан на канферэнцыі прадставіць Баян Ахметжанава – прэзідэнт грамадскага аб’яднання “Ардагер” (Астана, Казахстан), адна з ініцыятарак стварэння Нацыянальнай сеткі арганізацый, якія працуюць у інтарэсах пажылых людзей Казахстана.

 

З поўным спісам экспертаў, а таксама з праграмай канферэнцыі можна пазнаёміцца ​​на старонцы conference.edustudio.by

 

Канферэнцыя не выпадкова праводзіцца ў Гродне. Горад ужо даўно з’яўляецца адным з лідараў у Беларусі ў сферы працы па паляпшэнню якасці жыцця пажылых людзей.

 

Тут дзейнічае створаны ў 2010 г. першы беларускі «Універсітэт Залатога Веку» (у нацыянальнай справаздачы Рэспублікі Беларусь аб выкананні Мадрыдскага міжнароднага плана па праблемах старэння насельніцтва названы ў якасці прыкладу арганізацыі працы з пажылымі людзьмі ў Беларусі; у 2014 годзе прызнаны “Падзеяй года” у сферы нефармальнай адукацыі ў Беларусі), штогод праходзіць дэкада «Залаты Узрост», на базе тэрытарыяльных цэнтраў сацабслугоўвання насельніцтва актыўна працуюць клубы і іншыя формы працы з пажылымі людзьмі.

 

З 2014 г. у горадзе рэалізуецца грамадская кампанія, накіраваная на далучэнне Гродна ў якасці першага беларускага горада да міжнароднай Сеткі гарадоў і супольнасцяў прыязных да пажылых людзей.

 

Канферэнцыю пры падтрымцы Агенцтва па міжнародным развіцці ЗША (USAID), Фонду «Памяць, адказнасць і будучыня» (Германія), Прадстаўніцтва Фонду ААН па народанасельніцтве (UNFPA) у Беларусі, Прадстаўніцтва зарэгістраванага аб’яднання “Deutscher Volkshochschul – Verband e.V.” DVV International, Міжнароднай геранталагічнай сеткі AgeNet праводзяць установа “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых” “Студыя карысных кампетэнцый” і Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Узаемаразуменне».

 

Дадатковую інфармацыю аб канферэнцыі можна атрымаць па тэл. +375 29 288 47 00 (Лана Руднік, дырэктар установы “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых” Студыя карысных кампетэнцый”, кіраўнік праграмы “Універсітэт Залатога Веку”), а таксама на старонцы канферэнцыі conference.edustudio.by