Заўзятары хакейнага “Нёмана” радыя прызначэнню “старага-новага” галоўнага трэнера
Сяргей Пушкоў ужо працаваў у Гродне ў сезоне 2013-2014 г., тады з “Нёманам” расійскаму спецыялісту ўдалося ўзяць золата Чэмпіянату краiны.
Як распавёў старшыня праўлення ХК “Нёман” Анатоль Варывончык, з Пушковым у 2014 годзе яны рассталіся, бо не здолелі дамовіцца ў некаторых момантах, да таго ж спецыялісту прапанавалі нядрэнны варыянт у Расii.
Пасля працы ў Гродне Пушкоў адправіўся ў СКА-Карэлія (2014-2015) і СКА-Нява (2015-2016), якiя выступалі ў ВХЛ.
Галоўны чалавек у фан-руху гарадзенскага клуба Сяргей Емяльянаў кажа, што Пушкоў добры трэнер і шматлікія заўзятары рады такому прызначэнню.
“Большасць заўзятараў рады прызначэнню менавіта гэтага трэнера. Усе мы памятаем, як Пушкоў, узяўшы каманду ў студзені 2014 года, прывёў яе да залатых медалёў, практычна нічога не змяніўшы ў камандзе ў тактычным плане, але надаўшы больш строгасці ў абароне.
Некалькі разоў у тым залатым сезоне давялося гутарыць з Сяргеем Міхайлавічам. Я зразумеў, што ён спакойны інтэлігентны чалавек, прыемны ў зносінах. Так што, пакуль адны плюсы. Мінусы ў яго рабоце спадзяемся не ўбачыць“.
Зараз “Нёман” у адпачынку. Да трэніровак гарадзенцы прыступяць толькі летам. Шмат што ў працы новага трэнера будзе залежыць ад камплектавання каманды.