Акцыя “Зробім!” у Гродне: студэнты прыбралі старыя праваслаўныя могілкі

|

Студэнты УЗВ і ГрДУ у суботу, 9 красавіка, далучыліся да сусветнай акцыі “Зробім!” і прыбралі смецце на старых праваслаўных могілках па вуліцы Антонава.


Каля 50 студэнтаў цягам дзвюх гадзін сабралі больш за 90 мяшкоў са смеццем, а таксама ачысцілі магілы ад зарасніка.

 

Нашы студэнты часта прыводзяць турыстаў на старыя могілкі і часам ім сорамна праводзіць экскурсіі на праваслаўнай частцы, бо там, у параўнанні з каталіцкай, усё было ў смецці. Таму мы пайшлі прыбіраць менавіта сюды”, – расказала адна з арганізатараў акцыі “Зробім!” Яніна Сідарэнка. Паперы і бутэлькі ўдалося прыбраць за першыя хвілін 20, а рэшту часу давялося прыбіралі галінкі і ачышчаць ад раслін магілы.

 

У акцыi “Зробім!” Беларусь актыўна ўдзельнічае з 2012 года. Тады ж першыя прыборкі смецця ў межах акцыі адбыліся і ў Гродне. Мэта акцыі – прыборка несанкцыянаваных сметнікаў у лясах, ля вадасховішчаў і ў іншых месцах. Упершыню такое мерапрыемства прайшло ў 2008 г. у Эстоніі. У 2014 г. акцыя праходзіла ўжо ў 120 краінах.