Ад насення да жывёл: у Гродне прайшоў кірмаш “Агравясна 2016”
У першы дзень можна было пазнаёміцца з пладовымі, ягаднымі, дэкаратыўнымі і агародніннымі культурамі. У другі дзень праходзіла выстава хатняй птушкі і трусоў, якіх прывезлі з розных куткоў краіны.
Таксама на працягу трох дзён каля ўніверсітэта можна было набыць саджанцы розных дрэў і кустоў, насенне, угнаенні і сродкі абароны ад хвароб і шкоднікаў, а таксама купіць танныя яблыкі, бульбу i лук. Тут было ўсё, што неабходна добраму дачніку напярэдадні чарговага сезону.
Прадставіць сваю прадукцыю прыехалі на кірмаш многія перапрацоўчыя прадпрыемствы вобласці.
Дацэнт біялагічнага факультэта Аграрнага ўніверсітэта Аляксандр Малец на выставе прадставіў розныя пароды курэй, яечнага і мясаяечнага кірунку, старарускiх халмагорскiх гусей, раманоўскіх авец і розныя пароды трусаў.
“З любой жыўнасцю ёсць пытанні: ці то папугай ці трус. У першую чаргу, гэта жывая істота і яна патрабуе дагляду. Цяпер кожнаму даступны інтэрнэт і там інфармацыі столькі, што можна асвоіць усё. Чалавек, які вырошчвае жывёл у хатніх умовах, у будучыні зможа атрымаць якаснае біялагічнае мяса, малако і яйкі“, – расказаў Аляксандр Малец.
Са словаў прадстаўніка ўніверсітэта, цяпер моладзь не надта актыўна займаецца развядзеннем жывёл: займаюцца ў асноўным хлопцы, якія дзяцінства правялі ў вёсцы і бачылі, як працавалі іх бацькі.
“Наша выстава ўжо стала традыцыйнай, гараджане чакаюць з нецярпеннем. Ад набыцця чагосьці новага, незвычайнага, цяжка адмовіцца нават мне, які бывае на падобных выставах штогод. Наўрад ці можна набыць саджанцы дрэў і вінаграду па больш нізкіх коштах, чым на выставах-продажах у аграрным універсітэце“, – распавёў дацэнт кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі ГГАУ Мікалай Таранда.
Наступны раз такі кірмаш будзе праходзіць у верасні. Ён будзе прысвечаны перадусім розным гатункам вінаграду, які прывязуць з усіх рэгіёнаў Беларусі. Але набыць можна будзе набыць гэтаксама саджанцы іншых садовых культур, а таксама жывёлу.